Старонка:Адвечная песьня.pdf/25

Старонка праверана
Стараста. (Уходзе трохі падпіўшы з нейкай смешнай важнасьцяй і строгасьцяй).

Вось і трапіў к вам нарэшце…
Ну рыхтуйся, братка!
Кішанёй мусіш патрэсьці:
Трэба нам падаткаў.
Трэба чыншу, трэба «пені»,
Быў прыказ с павету,
Каб за тыдзень непрэменьне
Ўнесьці дробязь гэту.
Дык спраўляйся-ж, і то лоўка!
Бо ня жыць і ў хатцэ,
І з апраткай, і з кароўкай
Прыдзецца расстацца.

Магазыньнік. (Уходзе такжа пьянаваты).

Пахвалёны вам, суседзе!
Як дуж, як здароўе?
Ужо і зімка да нас едзе—
За даўгом прышоў я.
Аўса бочку, цьверць ячменю,
Са дзьве цьверці жыта.
Аддаць мусіш непрэменьне,
Тады будзе квіта.

Мужык.

Ну і што? і больш нічога!?..
І дакуль так будзе?
Ані сэрца, ані Бога…
Ну жыцьцё, ну людзі!

Хватае за шапку і уцекае са сваей хаты. Жонка ўцірае хусткай сьлёзы. Стараста і магазыньнік высовываюцца на двор.