Старонка:Адвечная песьня (1910).pdf/29

Старонка праверана

Без часу смерць-магіла
Жыцьцё тваё згасіла;
Ў нешчасную гадзіну
Сіротачак пакінуў.

Сіроткі ўсе малые,
І есьць не маюць тые,
І дроў німа палена,
І ў пуні німа сена.

Як жыў, як ты сьвет бачыў,
Усё-ж было іначай,
Ці ў поле ты… ці ў людзі…
Што з намі цяпер будзе?

На што на сьвет раджацца,
Хто мае з им разстацца,
І горкі жаль кідаці
Ўдаве, бацьком, дзіцяці.

Бацька (уцераючы неўзнак сьлёзы).

Дзяржыць беда старога,
Хаваюць маладога;
Забрала дамавіна
Не бацьку, але сына.

Ня места мне у хаце:
Ня дуж я працаваці;
Пры кім дажыць тут веку
Нешчаснаму калеку?

Вазьму я хіба ўнука,
Ці ў сьвет ісьці навука?—
Пайдзём ад хат да хаты,
І к бедным, і к багатым.

Зьбірай, стары, хатомкі,
І зрыўкі, і атопкі;