Старонка:Адраджэньне 286-301.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

разьляцецёся па розных глухіх куткох нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны і панясеце туды сьвятло гэтага адраджэньня, і можа больш калючых церняў, чым пахучых прыгожых кветак, спаткаеце вы на шляху сваёй працы; ня раз можа пачуеце вы поўныя змусты галасы сірэнаў, якія будуць пашоптываць вам, што вы выбралі неправідловия шлях, што ня варта адраджаць тое, што ўжо памерла, будуць можа казаць вам, што лепш ісьці бойкім, расьцярэбленым шляхам вялікaй сучаснай, але небеларускай, культуры, чым шукаць вузкай сьцежкі да культуры, маючай грунт толькі ў мінулым.

У чым-жа вы можаце знайсьці падтрыманьне і апору сярод гэтых воражых галасоў і настрояў?

Вялікі расійскі пісьменьнік Тургенеў у вадным сваім вядомым вершы ў прозе кажа, што яму ў дні цяжкіх сумненьняў і задумленьняў аб лёсе яго Бацькаўшчыны апорай і падтрыманьнем была для яго родная яго мова. Магчыма сказаць, што і для нас, беларусаў, апорай і падтрыманьнем у думках аб лёсе нашай Бацькаўшчыны можа служыць наша родная беларуская мова.

Ня гледзячы на ўвесь уціск, на ўсе зьдзекі ворагаў, ня гледзячы на ўсе імкненьні навязаць нам чужое, народ наш праз вякі сваёй шмат-пакутнай гісторыі, як нейкі сьвяшчэнны скарб, пранёс сваю родную мову незачэпленай і цэлай. Дарэмна кажуць нашы ворагі, што памерла беларуская культура: пакуль істнуе беларуская мова, пакуль істнуюць багатыя творы на гэтай мове—жыве і будзе жыць і беларуская культура.

Гісторыя дае нам шмат прыкладаў адраджэньня народаў, якія, здавалася, ужо беспаваротна згубілі свой нацыянальны твар. Быў, напрыклад, час, калі Чэхія ўжо затоплівалася хвалямі нямецкага мора, калі на вуліцах Прагі амаль што ня чулася чэшская мова; быў час, калі паўднёва славянскія старонкі, Сэрбія і Баўгарыя, гэтак сама стагналі пад ігам чужакоў і губілі свае нацыянальныя каштоўнасьці. Але паглядзеце, як расквітнелі зараз гэтыя старонкі, якім багатым нацыянальным жыцьцём зараз жывуць яны; гэтыя старонкі маюць нацыянальную школу, багатую літаратуру, маюць навуку у роднай мове... Што-ж выклікала гэты росквіт нацыянальнай культуры? Воля да жыцьця.

Наш беларускі народ так - сама мае гэтую волю. Уся гісторыя яго сьведчыць аб гэтым. Ня гледзячы на ўсе спробы суседніх народаў, Беларусь не паддалася асыміляцыі, яна захавала свой нацыянальны твар і галоўную адзнаку гэтага твару — сваю родную мову. А пакуль жыве мова, жыве і народ. Гэта агульны гістарычны закон. Народ, які губіць сваю мову, заўсёды робіцца гноем для чужой культуры. Успомніце лёс славянскіх пляменьняў, жыўшых калісь на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора: яны згубілі сваю мову і растварыліся ў нямецкім моры. Успомніце лёс фінскіх пляменьняў, загінуўшых у хвалях расійскага мора...

Беларуская нацыянальнасьць у працягу некалькіх сталецьцяў уяўляла сабой выспу, якую ззахаду імкнуліся затапіць польскія хвалі, а з усходу, пазьней, хвалі расійскія. Але не паддаўся беларускі народ, вытрымау гэты націск і моцна стаіць, захаваўшы свае нацыянальныя і этнаграфічныя асобнасьці; ён мае свой асобны псыхічны склад, свае асобныя гістарычныя традыцыі. У гэтым відаць жывучасьць і вытворчасьць народнага беларускага арганізму. Гэты арганізм не памёр, толькі часова затрымалася яго нармальнае разьвіцьце, яго рост.

Ваша мэта і назначэньне — адбудзіць гэта нармальнае разьвіцьцё. Як сьпячая казачная царэўна, чакае вас наша родная Беларусь, і вы, пэўна, маеце жывую ваду, каб абудзіць гэтую царэўну. Такой жывой вадой у вас зьяўляецца веда, асабліва веда роднай мовы.

Народ наш даўно ўжо прагнецца да сьвятла навукі, але, на вялікі жаль, яму часта замест хлеба давалі камень.