Старонка:Айвенго (1934).pdf/100

Гэта старонка не была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XV

НІ АДЗІН павук так не стараўся аднавіць тканіну сваёй разарванай павуціны, колькі Вальдэмар Фіц-Урс, які клапаціўся аб тым, каб сабраць і памірыць рассеяўшыхся членаў партыі прынца Іоана.

Калі Рычард вернецца, — гаварыў Фіц-Урс, — ён вернецца з тым, каб абагаціць сваіх збяднелых і згалелых прыхільнікаў за кошт тых, хто не хадзіў з ім у святую зямлю. Ён будзе патрабаваць жахлівай справаздачы ад усіх, хто ў яго адсутнасць правінаваціўся ў чым-небудзь супроць яго. Ён адпомсціць рыцарам храма і іонісцкага ордэна за тую перавагу, якую яны аказалі Філіпу, каралю французскаму, у часе войн у Палестыне. Карацей кажучы, вярнуўшыся, ён будзе караць, як здраднікаў, усіх прыхільнікаў свайго брата, прынца Іоана. Што датычыцца асабістых якасцей, — прадаўжаў Фіц-Урс, — магчыма, што прынц Іоан і горшы за свайго брата Рычарда; але калі разважыць, што Рычард звернецца не інакш, як з караючым мячом у руках, а Іоан прапануе ўзнагароды, забяспечанні, прывілеі, багатствы, пашаны, то, здаецца, няцяжка здагадацца, якога з іх выгадней падтрымліваць і каго дваранству разумней будзе пасадзіць на прастол…

Познім вечарам Вальдэмар Фіц-Урс, змучаны і змораны, звярнуўся ў замак Ашбі і, уступіўшы ў адну з ніжніх залаў, сустрэўся з рыцарам дэ-Брасі. Змяніўшы святочны гарнітур, у якім ён быў за абедам, рыцар надзеў зялёную кароткую камізэльку і штаны таго-ж колеру і матэрыялу, скураную шапачку, прывесіў з боку кароткі меч, перакінуў цераз плячо паляўнічы рог, заткнуў за пояс пучок стрэл, а ў руках трымаў доўгі лук. Калі-б Фіц-Урс сустрэў яго ў сенцах, ён прайшоў-бы міма, не звярнуўшы на яго ўвагі або палічыў яго за аднаго з іëменаў, якія складалі варту ў замку.

— Што гэта за блазенства, дэ-Брасі? — сказаў Фіц-Урс з прыкрасцю. — Чаму ты разам са мною не пайшоў да гэтых маладушных трусоў, якія так баяцца імя Рычарда?

— Я займаўся сваімі справамі, — адказаў дэ-Брасі спа- койна, — гэтак-жа як і вы, Фіц-Урс, займаліся вашымі.