Старонка:Айвенго (1934).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

ва ўсякім выпадку не доўга ўседзіць на прастоле. Але гэта такі манарх, у часе царавання якога Фіц-Урс і дэ-Брасі спадзяюцца ўзвысіцца і расквісці; а таму вы дапамагаеце яму сваёй палітыкай, а я буду яго падтрымліваць добрымі коп’ямі маіх вольных дружын.

— Добры саюзнік! — сказаў Фіц-Урс нецярпліва. — У самы важны момант разыгрывае з сябе блазна!..

— Гэта з мэтаю дастаць сабе жонку, — халодна адказаў дэ-Брасі.

— Не разумею, што ты гаворыш! — паўтарыў Фіц-Урс.

— Я табе сказаў, што збіраюся даставаць сабе жонку, — сказаў дэ-Брасі. — Гэта значыць, што ў гэтым самым уборы я маю намер зрабіць напад на статак саксонскіх быкоў, што выехалі сёння з Ашбі, і адабраць ад іх красуню Равену. Уся віна нападу будзе прыпісана разбойнікам іёркшырскіх лясоў… У мяне верныя выведнікі, і я ведаю, як і куды паедуць саксонцы… Сёння яны начуюць у манастыры святога Вітоля або Вітольда, як-бы там не называўся гэты іх саксонскі святы, словам, — у Буртоне на Трэнце. А заўтрашні пераезд прывядзе іх акурат нам пад рукі, і мы, як сокалы, накінемся на іх. Тут я раптам з’яўляюся перад ёю ў сваім звычайным выглядзе, разыграю ролю ласкавага рыцара, вызвалю засмучоную красуню з рук грубых зладзеяў і праводжу яе ў замак Фрон дэ-Бёфа або вывезу ў Нармандыю, калі трэба будзе, і да таго часу не пакажу яе сваякам, пакуль яна не будзе законнай жонкай Морыса дэ-Брасі.

— Няма чаго сказаць, план хоць куды! — сказаў Фіц-Урс. — Я нават думаю, што ты не сам яго прыдумаў. Слухай, дэ-Брасі, скажы адкрыта, хто табе дапамагаў яго складаць і хто ўзяўся табе садзейнічаць? Таму што твая ўласная каманда адсюль няблізка, яна ледзь не ў Іёрку.

— Калі табе абавязкова захацеласл даведацца, калі ласка, — сказаў дэ-Брасі, — план гэтага прадпрыемства вынайшоў рыцар храма, Брыян дэ-Буагільбер, а першапачатковая думка належыць мне. Буагільбер дапаможа мне ўчыніць напад, ён-жа са сваімі людзьмі будзе ўяўляць разбойнікаў, а я потым, перамяніўшы вопратку, адаб’ю ў іх красуню.

У гэты час з унутраных пакояў данёсся голас прынца: