Старонка:Айвенго (1934).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

— Шляхетны Вальдэмар Фіц-Урс!

Будучы канцлер, — да гэтага звання імкнуўся хітры нармандзец, — хутка зняў з галавы шапачку і пайшоў на клік будучага манарха.


РАЗДЗЕЛ XVI

ВЫНІК турніру быў вырашаны ўмяшацельствам невядомага рыцара, празванага гледачамі Чорным Гультаëм. Калі перамога была вырашана, гэты рыцар раптам пакінуў рысталішча і спакойна накіраваўся на поўнач, унікаючы бітых шляхоў і прабіраючыся проста праз лес. Ён спыніўся нанач у маленькай харчэўні, што была ў баку ад гасцінца. Там ад вандроўнага менестрэля ён даведаўся, чым скончыўся турнір.

На другую раніцу рыцар выехаў рана. Ён так клапатліва сцярог сілы свайго каня напярэдадні, што меў цяпер поўную мажлівасць ехаць далёка амаль няспынна. Надзвычай пакручастыя сцежкі перашкодзілі яму ад’ехаць так далёка, як ён хацеў, і калі змеркла, ён апынуўся толькі на мяжы заходняй часткі Іёркшыра. Конь і коннік мелі вялікую патрэбу ў адпачынку і падмацаванні, і час быў пашукаць месца, дзе-б спыніцца нанач, таму што ноч хутка насоўвалася.

Месца, дзе рыцар спыніўся ў задуменні, не абяцала ні чалавечага жылля, ніякай яды, і, напэўна, ён быў-бы вымушан зрабіць тое, што рабілі ў падобных выпадках вандроўныя рыцары, гэта значыць, пусціць каня на пашу, а самому легчы пад дубам. Чорны Рыцар з вялікім нездавальненнем азірнуўся вакол, бачачы, што забраўся ў такую глуш, дзе хоць і шмат было прагалін, слядоў і сцежак, але было ясна, што яны пратаптаны статкамі, якія тут пасвіліся, або дзікімі аленямі і тымі паляўнічымі, якія за імі ганяліся.

Да гэтага часу рыцар кіраваўся галоўным чынам па сонцу; але сонца зайшло за дэрбішырскія бугры, якія цягнуліся ўлева, і з гэтай хвіліны далейшыя намаганні выбрацца з лесу маглі толькі больш зблытаць яго і завесці ў яшчэ больш глухія нетры. Дарэмна прабаваў ён выбіраць найбольш бітыя сцежкі, маючы надзею, наткнуцца на шалаш пастухоў або на домік ляснога вартаўніка. Усё было дарэмна.