Старонка:Айвенго (1934).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

Тады, не спадзяючыся больш на ўласную здагадлівасць, ён рашыў пакласціся на інстынкт свайго каня. Шматразовы вопыт даказаў яму, што гэтыя жывёлы бываюць надораны дзіўнаю ўласцівасцю ў падобных выключных абставінах выручаць седакоў і саміх сябе.

Як толькі змораны пад цяжкім седаком, закаваным у баявое ўзбраенне, конь адчуў, што сядок аслабіў павады, ён як-бы зразумеў, што гаспадар спадзяецца на яго волю. Сілы яго як-бы ажывіліся; да гэтага часу ён толькі ціхім стогнам адказваў на панокванні і шпоры конніка, цяпер-жа наставіў вушы і пайшоў куды больш бадзёра. Выбраная ім сцежка рашуча зварочвала ў бок ад узятага рыцарам шляху; але конь, як відаць, упэўнена выбраў іменна гэты шлях і рыцар не спыняў яго.

Вынікі апраўдалі такое давер’е. Сцежка хутка пашырэла і аказалася бітым шляхам, а слабы гук невялікага звона прымусіў меркаваць, што дзесьці блізка ёсць капліца або пустынь.

Хутка рыцар выехаў на адкрытую палянку, у канцы якой узвышалася круча са стромкімі шэрымі сценамі. Круча была часткова замаскавана густым плюшчам; месцамі з яго расколін тырчэлі дубы і кусты астраліста, корні якіх знаходзілі сабе спажыву ў гэтых шчылінах. Каля падножжа скалы, як-бы прыліпшы да яе, стаяла хацінка, пабудаваная з бярвення. Перад дзвярыма ўваткнута было ў зямлю маладое хваёвае дрэўца, ачышчанае ад галін, з прымацаванай пад верхнім канцом перакладзінай. Крыху правей з расколіны кручы цëк струменьчык надзвычай чыстай вады, якая падала на шырокі камень, выдзеўбаны падобна чашы. Перапаўняючы гэты першабытны басейн, вада вылівалася цераз край на лугавіну і, прабіўшы сабе натуральнае рэчышча, выкручвалася па ёй аж да лесу, у глыбіні якога зрабіла рэчку.

Каля гэтай крыніцы відаць былі руіны маленькай каплічкі, страха якой часткова правалілася ў сярэдзіну. Над яе парталам на чатырох калонках узвышалася званіца, у сярэдзіне якой вісеў пазелянеўшы ад часу і нягоды звон; яго трухлявае дзынканне і чуў у лесе Чорны Рыцар.

Увесь гэты мірны і спакойны малюнак ахутваўся поўзмрокам прыцемкаў.