Старонка:Айвенго (1934).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

стыняю суседзяў і яшчэ невядома, ці заслугоўваеш гэта як след… а таму не маеш права адмовіць пераначаваць заблудзіўшаму падарожніку. Адмыкай дзверы хутчэй, а не то, вось табе крыж, я яе разаб’ю і сам увайду.

— Ах, прыяцель мой, — сказаў пустэльнік, — не назаляй мяне; калі ты прымусіш мяне абараняцца свецкай зброяй, табе-ж будзе горш ад гэтага.

Ужо некалькі хвілін назад падарожнік чуў мармытанне і гаўканне сабак, цяпер-жа гэтыя гукі наблізіліся і ператварыліся ў аглушальны брэх. З гэтага рыцар заключыў, што пустэльнік, спужаны яго пагрозай уварвацца сілком, спусціў з ланцуга сабак, якіх трымаў дзесьці на прывязі. Ён меў намер з дапамогаю іх абараняцца ад гвалтоўнага ўрывання ў хату. Страшэнна абураны такой відавочнай падрыхтоўкай да адпору і бачачы, што пустэльнік зусім не мае намеру яго ўпускаць, рыцар ударыў у дзверы нагою з такою сілаю, што сцены і вушакі хацінкі здрыгануліся.

Пустэльнік, як відаць, не жадаючы ў другі раз дапусціць такі удар, моцна закрычаў:

— Май ты цярплівасць, пачакай, добры падарожнік, зараз я сам адамкну табе дзверы, хоць не ручаюся, што тым зраблю табе здавальненне!

Дзверы адчыніліся і перад рыцарам апынуўся пустэльнік, чалавек высокага росту і моцнага целаскладу, у доўгай валасяніцы з каптуром, падперазаны вяроўкай з трысця. У адной руцэ ён трымаў запалены факел, у другой — кій з дзікай яблыні, але такі таўсты і замашысты, што яго па праўдзе можна было назваць дубінкай. Два вялікіх калматых сабакі, з мяшанага завода хартоў з дварнягай, стаялі абаапал гаспадара, гатовыя па першаму яго знаку кінуцца на няпрошанага госця. Але калі агонь ад факела асвятліў яго і ў цемры бліснуў высокі шлем і залатыя шпоры рыцара, што стаяў перад дзвярыма, пустэльнік, відаць, змяніў свой першапачатковы намер. Сцішыўшы сваіх раз’юшаных саюзнікаў, ён ветлівым тонам запрасіў рыцара ўвайсці і нават папрасіў выбачэння за тое, што неахвотна адамкнуў дзверы пасля заходу сонца, спасылаючыся на мноства бадзячых зладзеяў і разбойнікаў, якія не шкадуюць і пустэльнікаў.