Старонка:Айвенго (1934).pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

заў пустэльнік, — і дазволіў трымаць іх дзеля небяспекі ў такім адзінокім месцы і ў такі неспакойны час.

Гаворачы гэта, ён уваткнуў факел у жалезнае кальцо, якое было замест падсвечніка, паставіў трыногі дубовы стол бліжэй да агня, падкінуў на патухаючыя вуглі некалькі сухіх палак, падсунуў услон да стала і рухам рукі запрасіў рыцара зрабіць тое-ж па другі бок стала.

Яны селі і некаторы час надзвычай сур’ёзна глядзелі адзін на аднаго, прычым кожны думаў пра сябе, што рэдка яму выпадала сустракаць больш атлятычную фігуру, чым тая, што ў гэту хвіліну сядзела перад ім.

— Вялебны пустэльнік, — сказаў рыцар, які доўга і ўважліва глядзеў на гаспадара, — дазволь яшчэ раз перапыніць твае пабожныя думкі. Мне хацелася-б ведаць тры рэчы: папершае, куды мне паставіць каня, падругое, ці няма чаго паесці і патрэцяе, дзе я магу легчы спаць?

— Я табе адкажу пальцам, — сказаў пустэльнік, — таму што мае правіла не ўжываць слоў, калі можна растлумачыць гэстам. — Сказаўшы гэта, ён паказаў на два супроцьлеглыя куты хаціны і дадаў: — Вось табе канюшня, а вось ложак, а вось і вячэра, — закончыў ён, зняўшы з паліцы драўляную талерку, у якой было дзве жмені сушанага гароху, і паставіўшы яе на стол.

Рыцар паціснуў плячыма, выйшаў з хаціны, увёў свайго каня, якога пакінуў прывязаным да дрэва, вельмі ўважліва рассядлаў і накрыў яго змораную спіну ўласным плашчом.

Пустэльніку стала як быццам шкода глядзець, як уважліва і старанна незнаёмы даглядаў каня. Ён прамармытаў штосьці наконт корму, які застаўся пасля каня вартаўніка, ён выцягнуў аднекуль ахапак сена і разлажыў яго перад рыцарскім скакуном, потым прынёс ахапак сухой папараці і растрос яго ў тым куце, дзе паказаў рыцару спаць. Рыцар ветліва падзякаваў яго за ласкавасць. Выканаўшы ўсе гэтыя абавязкі, абодва зноў селі за стол, на якім стаяла талерка з гарохам. Пустэльнік прагаварыў доўгую малітву, створаную некалі на латынскай мове; але ад першапачатковай яе рэдакцыі засталося мала следу, за выключэннем некаторых доўгіх і дробных гукаў у канцы слоў і сказаў. Пасля малітвы