Старонка:Айвенго (1934).pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

ён паказаў прыклад госцю, сціпла палажыў тры ці чатыры гарошыны ў вельмі вялікі рот з моцнымі вострымі і белымі зубамі, больш падобнымі на клыкі дзіка. Рыцару здалося, што гэткія мізэрныя зярняткі занадта нікчэмны для такога вялікага і добра ўпарадкаванага млына.

Не жадаючы адстаць ад гаспадара, госць скінуў шлем і панцыр, зняў з сябе большую частку ўзбраення і з’явіўся перад пустэльнікам малайцаватым рыцарам з густымі, пакручастымі валасамі светларусага колеру, арліным носам, блакітнымі вачыма, якія бліскалі розумам, жывасцю і прыгожымі абрысамі вуснаў з вусамі больш цёмнага адцення, чым валасы.

Пустэльнік таксама адкінуў на спіну каптур і агаліў галаву, круглую, як шар, і твар мужчыны ў самым росквіце год. Яго брытая макаўка была акружана вянком жорсткіх чорных кудзераў, што надавала ёй падабенства з сяловым загонам для авечак, агароджаным высокім жывым плотам. Рысы яго твара не мелі ні манахаўскай суровасці, ні аскетычных звычак. Наадварот, гэта была адкрытая свежая фізіяномія з густымі чорнымі брывямі, прыгожага абрысу ілбом і поўнымі, румянымі, надзьмутымі як у трубача, шчокамі, з якіх свісала доўгая, чорная кучаравая барада. Некалькі хвілін рыцар старанна грыз сухія гарошыны і, ледзь адолеўшы першы прыём, вымушан быў прасіць гаспадара даць яму чым- небудзь запіць гэту яду. Тады пустэльнік паставіў перад ім вялікі кубак надзвычай чыстай крынічнай вады.

— Гэта з купелі святога Дунстана. У адзін дзень ад усходу да заходу сонца, ён — добрай памяці! — ахрысціў там пяцьсот паганцаў, датчан і брытанцаў!

Ён прыклаўся сваёй чорнай барадой да кубка і выпіў маленькі глыток вады.

— Мне здаецца, вялебны ойча, — сказаў рыцар, — што твая жабрацкая яда і святое, але тваё рэдкаватае пітво, якім ты спатольваеш сваю смагу, надзвычай ідуць табе на карысць. Гледзячы на цябе, можна падумаць, што ты больш прыстасаваны для боек на кулачках або для спаборніцтва на дубінках, або ўрэшце, што ты майстар фехтаваць, а не тое, каб жыць у пустыні, чытаць малітвенік, ды харчавацца сухімі струкамі і халоднай вадой.