Старонка:Айвенго (1934).pdf/110

Гэта старонка не была вычытаная

— Э, сэр рыцар, — адказаў пустэльнік, — у вас паняцці цялесныя, як ва ўсіх цёмных свецкіх асоб.

— Святы айцец, — сказаў рыцар, — дазволь грэшнай асобе даведацца тваё імя?

— Можаш зваць мяне, — адказаў пустэльнік, — алтарнікам з Копмангерста, бо так мяне празвалі ў тутэйшым краі. Праўда, дадаюць яшчэ да гэтага імя прозвішча святога, але гэтага я не вымагаю, таму што не лічу сябе вартым такога тытулу. Ну, а ты, адважны рыцар, ці не скажаш, як мне зваць майго ганаровага госця?

— Бачыш, святы алтарнік з Копмангерста, — сказаў рыцар, — у гэтым краі мяне завуць Чорным Рыцарам; шмат хто дадае да гэтага тытул Гультая, але я таксама не ганюся за такім прозвішчам.

Пустэльнік усміхнуўся, пачуўшы такі адказ.

— Бачу, сэр Лены Рыцар, што ты чалавек асцярожны і разумны, — сказаў ён, — акрамя таго, бачу, што наша бедная манахаўская яда табе не да спадобы. Можа ты прывык да раскошы дваранскіх дамоў і ваенных лагераў, збалаваны збыткоўнасцю вялікіх гарадоў. І памятаецца мне, сэр Гультай, што, калі міласэрны вартаўнік тутэйшых лясных угоддзяў прывёў мне для бяспекі гэтых сабак і пакінуў у мяне корм для свайго каня, ён у той жа час пакінуў тут і правізію, якая, будучы для мяне нягоднай, зусім вылецела з мае галавы, занятай больш важнымі мыслямі.

— Я так і думаў, — сказаў рыцар. — З той хвіліны, як ты адкінуў свой капюшон, святы алтарнік, я пераканаўся, што ў цябе ў келлі ёсць лепшая яда. Скажу нават, што вартаўнік твой павінен быць кемлівы хлапчына, дабрак і вясёлы чалавек. І хто-ж, гледзячы на твае надзвычай моцныя зубы, мог-бы безуважна глядзець, як ты грызеш гэтыя гарошыны і ўліваеш сабе ў горла прэсную вадкасць? Зразумела, што, бачачы цябе на такіх конскіх харчах, усякі захацеў-бы даставіць табе чаго-небудзь больш сытага. А-ну, даставай хутчэй, што там прынёс табе вартаўнік!

Пустэльнік уважліва паглядзеў на рыцара, і ў гэтым поглядзе ясна было відаць, што ён абдумвае, ці добра будзе, калі ён будзе з госцем гаварыць зусім адкрыта.