Старонка:Айвенго (1934).pdf/111

Гэта старонка не была вычытаная

У рыцара быў адкрыты і смелы твар, а ўсміхаўся ён так дабрадушна і пацешна, што мімаволі ўнушаў гаспадару давер’е і сімпатыю.

Абмяняўшыся з ім разы два маўклівымі поглядамі, пустэльнік пайшоў у дальні канец хаціны і адкрыў вялікую скрыню, доступ да якой быў схаваны вельмі старанна і нават досыць выдумана. З глыбіні куфэрка, які стаяў у сярэдзіне скрыні, выцягнуў ён вялізны пірог, запечаны ў алавяным блюдзе надзвычайных памераў. Гэту яду ён паставіў на стол, і госць, не трацячы часу, уласным кінжалам разрэзаў скарынку, каб пазнаёміцца з фаршам.

— Як даўно заходзіў сюды добры вартаўнік? — запытаў рыцар у гаспадара, паспеўшы праглынуць некалькі кавалачкаў фарша, які так своечасова з’явіўся ў дадатак да трапезы.

— Месяцы два таму назад, — адказаў пустэльнік.

— Клянуся богам, — сказаў рыцар, — у тваёй пустыні раз- по-раз натыкаешся на цуды! А я-ж гатоў быў прысягнуць, што сыты алень, з якога зроблены фарш для гэтага пірага, яшчэ на гэтым тыдні бегаў па лесу.

Пустэльнік крыху збянтэжыўся ад гэтай заўвагі і сядзеў з досыць жаласным выглядам, гледзячы, як хутка меншае пірог, на які госць накінуўся з пахвальным імпэтам, а самому яму няёмка было рабіць тое-ж пасля ўсяго, што ён нагаварыў наконт свайго ўстрымання.

— Я сам быў у Палестыне, сэр алтарнік, — сказаў рыцар, — і зараз успомніў, што паводле тамтэйшых звычаяў кожны гаспадар, частуючы госця, павінен сам браць удзел у трапезе, каб не падумалі, што ў ядзе ёсць атрута. Я, вядома, не думаю западозрыць святога чалавека ў здрадніцтве, аднак буду вельмі табе ўдзячны, калі ты зробіш згодна ўсходняга звычаю.

— Дарэмна вы маеце на ўвазе такія дзіўныя дапушчэнні, сэр рыцар, аднак, каб вас супакоіць, я згодзен адступіць ад сваіх правіл, — адказаў пустэльнік і, дзякуючы таму, што ў тыя часы ніхто яшчэ не бачыў ужывання відэльцаў, ён адразу-ж усадзіў пальцы ў сярэдзіну пірага.

Калі такім чынам лёд быў прабіты і цэрамоніі адкладзены ў бок, госць і гаспадар пачалі адзін перад адным завіхацца