Старонка:Айвенго (1934).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

што я бачу ў гэтай скрыні, адказвае на ўсе мае неўразуменні, і, акрамя таго, я заўважыў там адну штучку (тут ён нагнуўся і сам выцягнуў арфу), на якой буду спаборнічаць з табою куды ахвотней, чым на мячах са шчытамі.

— Спадзяюся, сэр рыцар, — адказаў пустэльнік, — што цябе дарэмна празвалі Гультаём. Прызнаюся, ты здаешся мне вельмі падазроным малайчынаю. Тым не менш, ты ў мяне ў гасцях, і я не буду выпрабоўваць тваю мужнасць, калі сам гэтага не пажадаеш. Садзіся, налі свой келіх, будзем піць, спяваць і весяліцца. Калі ведаеш добрую песню, заўсёды будзеш прыемным госцем у Копмангерсце, пакуль буду я настаяцелем пры капліцы святога Дунстана, а гэта, бог дасць, працягнецца да таго часу, пакуль, замест шэрага балахона, не накрыюць меня зялёным дзёранам. Ну, што-ж ты не п’еш, налівай келіх паўней, таму што гэту арфу цяпер не хутка направіш. А нішто так не прачышчае голас і не абвастрае слых, як шклянка добрага віна. Што датычыць мяне, дык я люблю, каб вінцо пранізала мяне, дык я люблю, каб вінцо пранізала мяне да канца пальцаў, толькі тады і магу спрытна перабіраць струны.


РАЗДЗЕЛ XVII

ГОСЦЬ выканаў дакладна параду свайго гасціннага пустэльніка, аднак досыць доўга вазіўся з арфаю, перш чым паспеў так-сяк яе наладзіць.

— Здаецца мне, святы айцец, — сказаў ён, — што аднае струны ў гэтым інструменце нехапае, ды і астатнія дрэнныя.

— Ага, дык ты заўважыў гэта? — сказаў пустэльнік. — Гэта паказвае, што ты майстра гэтай справы. Віно і вараная наліўка, — дадаў ён, з важнасцю ўзняўшы вочы да неба, — усёй справе прычынай. Я-ж гаварыў Алену з Даліны, паўночнаму менестрэлю, што пасля сёмага келіха лепш не чапаў-бы арфы, а не то абавязкова папсуеш яе; але ён вельмі ўпарты, і з ім не дагаворышся… Сябра, п’ю за поспех твайго выканання.

Ён вельмі сур’ёзна апаражніў свой келіх, увесь час пакачваючы галавою пры ўспаміне аб п’яных паводзінах шатландскага спевака.