Старонка:Айвенго (1934).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

— А я думаю, — сказаў Вамба, — барын не хацеў забіваць Фангса, а толькі папужаць яго. Ты заўважыў, што ён прыўстаў на страмёнах: гэта значыць, што ён меў намер пусціць дроцік цераз галаву сабакі. Так бы і было, але на бяду Фангс у гэту хвіліну падскочыў уверх, ды і атрымаў гэту самую пісужыну, якую я бяруся залячыць яму камячком.

— Калі-б так, — сказаў Гурт, — калі-б я мог так думаць… ды не! Я бачыў, як метка ён цэліўся… чуў, як дроцік загудзеў у паветры, з усёй злараднасцю той злой волі, якая яго накіравала… а потым, уткнуўшыся ў зямлю, усё яшчэ дрыжэў з крыўды, што не папаў у цэль. Не, клянуся любімай свінёй святога Антонія, не буду я яму служыць!

Расстроены свінапас панура замаўчаў, і блазну ніяк не ўдалося больш яго расштурхаць.

У поўдзень, па жаданню Атэльстана, спыніліся ў гаі, на беразе раўчака, каб даць адпачыць коням, а самім падмацавацца правізіяй, якой даў на дарогу абат, нагрузіўшы ёю ўючанага мула. Адпачынак зацягнуўся досыць доўга, і дзякуючы таму, што і іншых перашкод у дарозе было шмат, яны страцілі надзею дабрацца да Ротэрвуда інакш, чым правёўшы ўсю ноч у дарозе. Гэтыя абставіны прымусілі іх паспяшацца, і яны паехалі больш хутка, чым ехалі да гэтага часу.


РАЗДЗЕЛ XIX

ПАДАРОЖНІКІ пад’ехалі да ўскраіны лясістай прасторы і ўязджалі ў лес, які у той час лічыўся небяспечным месцам. Тут бадзялася лясная вольніца, якой развялося шмат у краі. Выгнаныя надзвычайным жабрацтвам і безнадзейнасцю, гэтыя людзі пайшлі ў лясы і стварылі там такія шматлікія і моцныя банды, што з імі ўраду змагацца было не па сіле. Аднак, Седрык і Атэльстан не баяліся нападу, таму што пры іх было дзесяць чалавек узброенай прыслугі, не лічачы Вамбы і Гурта, якія не браліся ў разлік, таму што адзін быў блазен, а другі — звязаны арыштант.

Едучы сваёю дарогаю, нашы падарожнікі былі ўстрывожаны крыкамі, час-ад-часу клікаўшымі на дапамогу. Пад’ехаўшы да таго месца, адкуль чуліся галасы, яны ўбачылі