Старонка:Айвенго (1934).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

на лузе кінутыя конныя насілкі; каля іх на траве сядзела маладая жанчына ў раскошным яўрэйскім гарнітуры, а стары, мяркуючы па жоўтай шапцы, таксама яўрэй, бегаў узад і ўперад, ламаў сабе рукі і голасна стагнаў…

На роспыты Атэльстана і Седрыка Ісаак з Іёрка (гэта быў ён) так-сяк растлумачыў, што ў Ашбі ён наняў шэсць чалавек узброенай варты і конныя насілкі для перавозкі аднаго хворага сябра. Нанятыя людзі ўзяліся праводзіць яго да Донкастэра, і дагэтуль яны ехалі зусім спакойна, але сустрэнуты дравасек сказаў ім, што тут у лесе засела вялікая банда рабаўнікоў, і нанятыя слугі так спужаліся, што і самі ўцяклі, і коняй, якія везлі насілкі, павялі за сабою. Так што яўрэй і яго дачка засталіся ў лесе без усякіх сродкаў для абароны і кожную хвіліну чакалі нападу бандытаў, якія маглі іх забіць і абрабаваць.

— Калі-б пажадана было вашай вяльможнасці, — маліў Ісаак, — дазволіць нам далучыцца да вашай партыі і ехаць далей пад вашай аховай, ні адзін яўрэй не плаціў за паслугу так шчодра, як мы вам адплоцім за такую ласку.

— Дадзім ім дваіх людзей з нашай дружыны, — прагаварыў Седрык, — і пару коняй, няхай праводзяць іх да бліжэйшага паселішча. Наша партыя ад гэтага не шмат страціць, а з дапамогаю вашага добрага мяча, шляхетны Атэльстан, і астатняй прыслугі, нам няцяжка будзе справіцца з двума дзесяткамі бандытаў.

— Гэты старык такі слабы і бездапаможны, — сказала з свайго баку Равена свайму апякуну, — а дзяўчына такая маладая… прытым у іх тут небяспечна хворы… што мы не павінны кідаць іх у хвіліну такой крайнасці. Загадайце зняць клункі з двух мулаў і змясціць паклажу за спіну ў двух слуг. Мулаў можна запрагчы ў насілкі, а старому і яго дачцы даць пару запасных верхавых коняй.

Седрык ахвотна згадзіўся на гэта распараджэнне, а Атэльстан дадаў умову, каб яўрэі ехалі ззаду і каб прыставіць да іх у праважатыя Вамбу.

— А я свой шчыт пакінуў на бегавішчы, — адказаў блазен. — Такі-ж быў лёс і шмат іншых рыцараў лепшых за мяне.