Старонка:Айвенго (1934).pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

Атэльстан пачырванеў, бо такі-ж лёс быў і яго самога на другі дзень турніру. Равена, здаволеная выбрыкам Вамбы, папрасіла Рэвеку ехаць поруч з ёю.

Перамяшчэнне клункаў адбылося вельмі хутка; адной чуткі аб тым, што блізка ёсць разбойнікі, было досыць для абуджэння ў прыслугі паваротнасці; а прыцемак, які ўсё больш згушчаўся, надаваў гэтай чутцы яшчэ большую ўплывовасць. У часе агульнай мітусні Гурта знялі далоў з каня, і ён улучыў хвіліну, каб папрасіць блазна паслабіць вяроўкі, якімі былі звязаны яго рукі. Вамба выканаў яго просьбу і, мабыць, з намерам так неахайна завязаў новыя вузлы, што Гурт без асаблівай цяжкасці вызваліў свае рукі і, шмыгнуўшы ў кусты, уцёк ад атрада.

Сцежка рабілася такой вузкай, што нельга было праехаць па ёй больш, чым дваім у рад. У дадатак яна крута спускалася пад гору, што парасла частым хмызняком, а пад гарою цёк быстры ручай з абрывістымі і багністымі берагамі, аброслымі нізкарослаю лазою. Седрык і Атэльстан, якія ехалі спераду ўсіх, зразумелі, як будзе небяспечна, калі на іх нападуць у гэтым цесным праходзе. Дзякуючы таму, што ні адзін, ні другі не мелі дастатковай баявой практыкі, яны думалі, што найлепшы спосаб пазбегнуць засады будзе ў тым, каб як мага хутчэй мінуць гэту лагчыну. Таму, не трымаючы ніякага парадку, яны паспешна рушылі ўперад, але ледзь паспелі перабрацца ў брод цераз ручай, з часткаю свае дружыны, як на іх напалі спераду, ззаду, і з абодвух бакоў, разам, прытым з такім імпэтам, што пры сваёй непадрыхтаванасці да атакі, яны былі захоплены зусім неспадзявана і не маглі аказаць колькі-небудзь сапраўднага супраціўлення. З усіх бакоў пачуліся крыкі:

— Белы дракон! Белы дракон! Святы Георгій пастаіць за старую Англію!

Гэта былі выкрыкі нападаючых, якія адыгрывалі ролю вольніцы саксонскага племені і, нечакана з’явіўшыся з гушчару, які акружаў хмызняк, кінуліся на падарожнікаў так адважна і расправіліся з імі так хутка, што здаваліся значна больш шматлікімі, чым былі на самай справе.

Абодва саксонскія правадыры папалі ў палон адначасова.