Старонка:Айвенго (1934).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

Слугі, абцяжараныя клункамі, дзіўленыя і перапужаныя лёсам сваіх паноў, нават не супраціўляліся. Лэдзі Равена, якая ехала ў цэнтры атрада, і яўрэй з дачкою, якія былі ў тылу, таксама былі ўзяты ў палон.

З усёй партыі толькі Вамбе ўдалося выратавацца: ён выказаў у гэтым выпадку куды больш рашучасці і мужнасці, чым тыя, хто лічыўся разумней яго. Адзін з слуг вяла і няўмела выцягваў з ножан свой меч. Вамба ўбачыў гэта, выхапіў у яго з рук зброю і, размахваючы ім з найвялікшай энергіяй, з поспехам адбіў напад некалькіх байцоў, з усіх сіл стараючыся прабіцца на дапамогу Седрыку, але яму не ўдалося. Бачачы колькасць нападаючых, блазен улучыў зручны момант, скаціўся з свайго каня на зямлю, выслізнуў у гушчар кустоў і, карыстаючыся ўсеагульнай мітуснёй, уцёк.

Аднак, апынуўшыся ў бяспецы, харобры блазен некалькі разоў спыняўся ў нерашучасці і раздумваў, ці не лепш вярнуцца назад.

„Чуў я, як людзі ўсхвалялі дабрадзейства волі, — думаў ён пра сябе, — а вось цяпер мне хацелася-б, каб які-небудзь мудрэц падаў думку мне, што рабіць з гэтай атрыманай мною воляй?“

Напэўна, ён прагаварыў гэтыя словы голасна, таму што пачуў раптам вельмі блізка ад сябе голас, які асцярожна і ціха прагаварыў: „Вамба!“. І ў тую-ж хвіліну чорны сабака, у якім ён адразу спазнаў Фангса, кінуўся да яго лашчыцца.

— Гурт! — адказаў Вамба тым-жа асцярожным шэптам, і свінапас тойчас з’явіўся перад ім.

— Што гэта значыць? — запытаў Гурт, спяшаючы. — Што там за крыкі і як-быццам стук мячоў?

— Звычайная гісторыя, — адказаў Вамба, — усіх забралі ў палон.

— Каго забралі? — ускрыкнуў Гурт нецярпліва.

— Нашага барына і лэдзі Равену, і Атэльстана, і Гундыберта, і Освальда… усіх!

— Як-жа яны папалі ў палон і хто іх забраў? — сказаў Гурт.