Старонка:Айвенго (1934).pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

— Які сябра, — сказаў пустэльнік. — Гэта, ці ведаеш, такое пытанне, якое лягчэй задаць, чым адказаць на яго. Які сябра?.. Ды вось, калі добра скеміць, гэта той самы дабрак, сумленны вартаўнік, пра якога я табе нядаўна гаварыў.

— Разумею, — прагаварыў рыцар, — значыцца, ён такі-ж сумленны вартаўнік, як ты пабожны манах? Адчыні-ж яму дзверы, а то ён сарве іх з завес.

— Між тым, сабакі, якія спачатку ўзнялі шалёны брэх, цяпер пазналі па голасу таго, хто стаяў за дзвярыма, і сціхлі, а замест таго, пачалі драпацца ў дзверы і вісчаць, відаць жадаючы, каб прыйшоўшага хутчэй упусцілі.

Пустэльнік зняў з дзвярэй завалы і ўпусціў Локслі і абодвух яго спадарожнікаў:

— Слухай, ойча, — сказаў іëмен, увайшоўшы і ўбачыўшы рыцара, — гэта што за сабутыльнік у цябе ў гасцях?

— Гэта манах нашага ордэна, — адказаў пустэльнік, пакачваючы галавою, — мы з ім усю ноч малітвы чыталі.

— Напэўна ён служка ваяўнічай царквы, — адказаў Локслі, — гэта брація цяпер усюды сустракаецца. Я табе гавару, манах, адлажы свае ружанцы ў бок і бярыся за дубінку. Нам цяпер кожны чалавек дарагі, усёроўна, ці духоўнага звання ці свецкага. А ты здаецца, ашалеў, — дадаў Локслі, адводзячы пустэльніка ў бок і прыцішаючы голас. — Як-жа можна прыняць у госці зусім невядомага рыцара? Ці ты запамятаў артыкулы нашага статута?

— Як невядомага? — смела адказаў манах. — Я яго добра ведаю, не горш, як жабрак сваю міску.

— Як-жа яго завуць? — запытаў Локслі.

— Як яго завуць? — паўтарыў пустэльнік. — А завуць яго сэр Антоні Скрэбльстон… Вось яшчэ! Буду я піць з чалавекам, не ведаючы як яго завуць!

— Ты, брат, вельмі шмат піў сёння, — сказаў іёмен, — і таго і глядзі, вельмі шмат балбатаў.

— Сябра іёмен, — сказаў рыцар, падыходзячы да іх, — не злуйся на вясёлага гаспадара. Ён аказаў мне гасціннасць, гэта праўда, але калі-б ён не згадзіўся так паступіць, я-б прымусіў яго гэта зрабіць.