Старонка:Айвенго (1934).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

Спадарожнікам духоўнага саноўніка быў чалавек высокага росту, гадоў больш за сорак, хударлявы, моцны і мускулісты. Яго атлетычная фігура здавалася была толькі з касцей, мускулаў і сухажылля. На ім была чатырохраговая чырвоная шапка з футравым аколышкам, напамінаўшая па форме перавернутую ўверх дном ступку. Ні палёў, ні брыля ў гэтай шапцы не было, а таму ўвесь твар быў навіду, і выражэнне яго было такое, што лёгка магло ўнушаць значную дозу павагі, калі не страху. Буйныя і рэзкія рысы яго твара, загарэўшага амаль да негрыцянскай чарнаты ад пастаяннага прабывання пад трапічным сонцам, у спакойныя хвіліны здаваліся нібы задрамаўшымі пасля ўзрыву бурных пачуццяў; але выпуклыя жылы яго ілба, трапятанне верхняй губы і густых чорных вусоў, якія рухаліся пры самым малым хваляванні, яўна паказвалі, што бура кожную хвіліну можа зноў прачнуцца. Яго дзёрзкія, цёмныя, пранікальныя вочы і глыбокі шрам над брывямі надавалі яго твару суровасць. Адно вока, кранутае гэтым шрамам, мела ў сябе штосьці злавеснае.

Вопратка гэтага конніка была таго-ж фасону, як у яго спадарожніка: гэта быў доўгі манахаўскі плашч, але толькі чырвонага колеру, што даказвала, што ён не належыць ні да аднаго з чатырох галоўных манахаўскіх ордэнаў. На правым плячы яго мантыі нашыты быў белы суконны крыж асаблівай формы. Пад мантыяй была рубашка з дробных металічных кольцаў з такімі-ж рукавамі і пальчаткамі, так лоўка сплеценая і такой тонкай работы, што шчыльна аблягала цела. Пярэднія часткі яго сцёгнаў, наколькі відны яны былі з-пад плашча, таксама былі апрануты ў кальчугу. Ногі і калені прыкрыты тонкімі сталёвымі пласцінкамі, злучанымі між сабою ў выглядзе лускі. Металічныя кольчатыя панчохі пакрывалі яго ногі ад ступні да калена. За поясам быў заткнуты доўгі, двухбаковы кінжал.

Ехаў ён не на муле, як яго спадарожнік, а верхам на здаравенным кані, відаць, для таго, каб зберагчы сілы свайго баявога каня, якога адзін са зброяносцаў вёў на повадзе, у поўным узбраенні, з плеценым налобнікам на галаве, наверсе якога тырчэла ўперад кароткае металічнае вострыё.