Старонка:Айвенго (1934).pdf/131

Гэта старонка не была вычытаная

шаў наперадзе ўсіх з хаціны, потым старанна замкнуў дзверы, а ключ засунуў пад парог.

— А што, брат, прыгодны ты цяпер для справы, — запытаў Локслі, — ці хмель усё яшчэ шуміць у цябе ў галаве?

— Шуміць то шуміць, — адказаў манах,але варта толькі хлебануць вады з купелі святога Дунстана, і ўсё зараз як рукой зніме. У галаве, праўда, гудзе штосьці і ногі мяне не слухаюць, але ўбачыш як усё гэта мігам пройдзе.

З гэтымі словамі ён пайшоў да каменнага басейна, прыпаў да яго ротам і піў так доўга, як быццам задумаў выпіць усю чашу.

— Здаралася табе калі-небудзь выпіваць столькі вады, святы алтарнік з Копмангерста? — запытаў Чорны рыцар.

— А вось, бачыш, аднойчы здарылася, што мая бочка з віном рассохлася і віно выцекла беззаконным шляхам; тады мне не было чаго піць акрамя вады, я і піў з святой крыніцы; а з таго часу не здаралася, адказаў манах.

Тут ён апусціў руку ў ваду, потым галаву і абмыў такім чынам усе сляды паўночнай папойкі.

Працверазіўшыся канчаткова, вясёлы пустэльнік ухапіў свой цяжкі бердыш трыма пальцамі і, круцячы яго над галавой, як кіёк, закрычаў:

— Дзе яны, агідныя зладзеі, якія ўвозяць дзяўчат супроць іх волі? Хай мяне д’ябал возьме, калі я не спраўлюся з цэлым тузінам такіх агіднікаў!

— Ты і лаяцца ўмееш, святы алтарнік, — сказаў Чорны Рыцар.

— Досыць мяне ў алтарнікі залічаць! — засупярэчыў яму пераапрануты манах. — Я толькі да таго часу манах, пакуль у мяне раса на плячах… А як папаў у зялёны каптан, дык магу п’янстваваць і лаяцца не горш любога лесніка заходніх акруг!

— Ідзі наперад, балака, — сказаў Локслі, — ды памаўчы крыху; ты сёння шуміш, як цэлы натоўп манахаў на куццю, калі айцец ігумен улёгся спаць… Пойдзем і вы, панове, марудзіць няма чаго. Паспяшайма, трэба хутчэй сабраць сілы. Усё-такі мала ў нас будзе народу, калі давядзецца браць прыступам замак Рэджынальда Фрон дэ-Бёфа.