Старонка:Айвенго (1934).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

— Што? — ускрыкнуў Чорны Рыцар. — Дык гэта Фрон дэ-Бёф выходзіць зараз на гасцінец і бярэ ў палон мірных людзей? Хіба ён стаў злодзеем і прыгнятацелем?

— Прыгнятацелем ён заўсёды быў, — сказаў Локслі.

— А што да зладзейства, — падхапіў манах, — дык добра, каб ён хоць на палову быў такі сумленны, як шмат хто з знаёмых мне зладзеяў.

— Ідзі, ідзі, манах, і маўчы, — сказаў іёмен, — лепш-бы ты больш уважліва правёў нас на зборнае месца, чым балбатаць тое, чаго не трэба гаварыць для прыстойнасці і асцярожнасці.


РАЗДЗЕЛ XXI

— ТАБЕ час ужо выязджаць ад нас, сэр Морыс, — гаварыў храмоўнік рыцару дэ-Брасі, — цяпер пара прыступіць да другой часткі тваёй містэрыі і адыграць ролю рыцара-вызваліцеля.

— Не, я перадумаў, — сказаў дэ-Брасі, — я да таго часу не расстануся з табою, пакуль здабыча не будзе дастаўлена цэлаю ў замак Фрон дэ-Бёф. Тады я з’яўлюся перад лэдзі Равенай у маім сапраўдным выглядзе і спадзяюся так зрабіць, каб яна прыпісала майму гарачаму палу той гвалт, які я зрабіў.

— А з якой прычыны ты змяніў свой першапачатковы план, дэ-Брасі? — запытаў храмоўнік.

— Гэта цябе не датычыць.

— Спадзяюся, аднак, сэр рыцар, што такая перамена адбылася не адтаго, што ты западозрыў мяне у несумленных намерах, пра якія табе стараўся нагаварыць Фіц-Урс?

— Што я думаю, тое няхай і застанецца пры мне.

— Чаго табе баяцца? — не спыняўся храмоўнік. — Ты-ж ведаеш, якія зарокі накладае наш ордэн?

— Яшчэ-б! Але я ведаю таксама, як гэтыя зарокі выконваюцца. Досыць, сэр рыцар, я не адважуся ні ў чым пакладацца на тваё сумленне.

— Дык ведай-жа, прынамсі, — сказаў храмоўнік, — што я ніколькі не цікаўлюся тваёй сінявокай красуняй. У адным атрадзе з ёю ёсць другая, якая мне куды больш падабаецца.