Старонка:Айвенго (1934).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

Фрон дэ-Бёф, чалавек высокага росту і моцнага целаскладу, усё жыццё праводзіў на вайне або ў прыватных спрэчках і пабоішчах, і ніколі не спыняўся ні перад якімі сродкамі ў пашырэнні свае феадальнае магутнасці. Грозны барон быў апрануты ў скураную куртку, якая шчыльна аблягала яго цела, усю скрэсленую пісугамі і іржавымі плямамі ад яго панцыра. З левага боку за поясам у яго быў кінжал, а з правага вісела цяжкая вязка іржавых ключоў.

Чорнаскурыя нявольнікі, якія прыйшлі разам з баронам, былі не ў звычайнай сваёй раскошнай вопратцы, а ў адных вузкіх сарочках і штанах з грубага палатна, і рукавы іх былі закасаны вышэй локцяў, як у мяснікоў, калі яны бяруцца за работу на бойні. У абодвух былі ў руках кошыкі. Увайшоўшы ў цямніцу, яны сталі паабапал дзвярэй, якія Фрон дэ-Бёф уласнаручна замкнуў, двойчы павярнуўшы ключ. Зрабіўшы такую перасцярогу, ён павольна пайшоў праз усё сутарэнне да Ісаака, пільна гледзячы на яго і гэтым поглядам як бы жадаючы адабраць у яго апошнія пробліскі волі.

Ён спыніўся на тры крокі ад старога і рухам рукі паклікаў аднаго з нявольнікаў. Чорнаскуры прыслужнік падышоў, выняў з свайго кошыка вялікую вагу і некалькі гір, палажыў усё гэта каля ног рыцара Фрон дэ-Бёф і зноў пачціва адышоў да дзвярэй, дзе яго таварыш стаяў усё гэтак-жа нерухома.

— Бачыш ты гэтую вагу? — сказаў барон няшчаснаму палоннаму. Стары слабым голасам адказаў станоўча.

— На гэтай самай вазе, — сказаў бязлітасны барон, — адважыш ты мне тысячу фунтаў срэбра па дакладнаму падліку і вазе, якія азначаны каралеўскай рахунковай палатай у Лондане.

— Праайцец Аўраам! — ускрыкнуў Ісаак, — нечуваная справа вызначыць такую суму. Нават і ў песнях менестрэляў не чуваць аб тысячы фунтах срэбра!.. Ды ў цэлым горадзе Іёрку, абшукай хоць увесь мой дом і дамы ўсіх маіх супляменнікаў, не знойдзецца і дзесятай долі той сумы срэбра, якую ты з мяне патрабуеш!

— Я чалавек разумны, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — і калі ў вас нехапае срэбра, буду задаволены і золатам. Лічачы