Старонка:Айвенго (1934).pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

па адной мерцы золатам за кожныя шэсць фунтаў срэбра, можаш выкупіць сваю шкуру ад такой кары, якая табе яшчэ і не снілася.

— Злітуйся нада мною, шляхетны рыцар! — ускрыкнуў Ісаак. — Я стары і бедны і бездапаможны. Што табе за карысць спраўляць урачыстасць нада мною?.. Не вялікая заслуга раздушыць чарвяка!

— Што ты стары, гэта верна, — сказаў рыцар, — што ты слабы, гэта таксама праўда, але што ты багаты, гэта ўсім вядома.

— Клянуся вам, шляхетны рыцар… — ускрыкнуў стары.

— Не кляніся, — перапыніў яго нармандзец. — Гэта падзямелле не месца для жартаў. Тут былі вязні ў дзесяць разоў больш важныя і каштоўныя за цябе і паміралі тут, і ніхто аб гэтым не даведаўся ніколі! Але для цябе прыгатавана смерць павольная і цяжкая, у параўнанні з якой яны паміралі лёгка.

Ён зноў рухам рукі паклікаў нявольнікаў і сказаў ім штосьці ўпоўголаса. Сараціны вылажылі з сваіх кошыкаў некаторую колькасць каменнага вугалю, раздувальныя мяхі і бутлю з алеем. Покуль адзін з іх крэсівам высякаў агонь, другі разлажыў вуголле на прасторным камінку, і да таго часу раздуваў мяхамі, пакуль вуголле не разгарэлася дачырвана.

— Бачыш ты, Ісаак, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — гэтыя жалезныя краты над распаленым вуголлем? Цябе паложаць на гэты цёплы ложак, распрануўшы нагала, як быццам ты сабраўся легчы на мяккую пярыну. Адзін з гэтых нявольнікаў будзе падтрымліваць агонь пад табою, а другі стане паліваць цябе алеем, каб не вельмі падгарэлі твае члены. Выбірай, што лепш: лажыцца на гарачы ложак, ці заплаціць мне тысячу фунтаў срэбра. Клянуся галавою майго бацькі, іншага выбару табе не будзе.

— Немагчыма! — ускрыкнуў Ісаак. — Не можа быць, каб такім быў сапраўдны ваш намер!

Нявольнікі, павінуючыся знаку, зноў падышлі да Ісаака, паднялі гаротніка з долу і, трымаючы яго пад рукі, глядзелі на гаспадара, чакаючы далейшых распараджэнняў. Перапу-