Старонка:Айвенго (1934).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

З аднаго боку сядла вісеў кароткі бёрдыш з багатай насечкай, з другога — убраны пер’ем шлём гаспадара, яго кольчаты каўпак і доўгі, з абодвух бакоў востры, меч, звычайны ў рыцараў таго часу. Другі зброяносец вёз кап’ё, на верхнім канцы якога быў невялікі сцяг або значок, з такім-жа крыжам, які быў нашыты на плашчы. Ён-жа трымаў трохраговы шчыт, настолькі шырокі ўверсе, што мог прыкрываць усе грудзі, але кнізу зусім завостраны. Шчыт быў у чахле з чырвонага сукна, каб не было відаць, які на ім девіз.

Следам за гэтымі двума зброяносцамі ехалі яшчэ двое слуг, чорныя твары якіх, белыя турбаны і ўсходні фасон іх вопраткі выкрывалі ў іх уражэнцаў далёкага ўсхода. Зброяносцы былі апрануты шыкоўна, а ў слуг былі срэбныя абручы на шыях і бранзалеты з таго-ж метала на смуглых руках і нагах. Іх гарнітуры блішчэлі шоўкам і вышыўкамі, паказваючы на багацце і важнасць іх гаспадара. Яны былі ўзброены крывымі шаблямі з залатою насечкаю на рукаятках і ножнах і турэцкімі кінжаламі яшчэ больш тонкай работы. У кожнага тырчаў пры сядле пучок дроцікаў футаў з чатыры даўжынёю, з вострымі сталёвымі канцамі.

Дзіўныя асаблівасці гэтай кавалькады абудзілі цікавасць не толькі Вамбы, але і яго больш саліднага таварыша. У манаху ён той-жа час спазнаў настаяцеля абацтва Жарво, вядомага ва ўсёй ваколіцы, як вялікі аматар палявання, гульбішчаў і іншых „свецкіх“ пацех, мала сумясцімых з яго манахаўскім званнем.

Прыёр Эймер за вясёлы і распусны нораў і гатоўнасць „дараваць адпушчэнне грахоў“ быў улюбёнец усіх мясцовых саноўнікаў і знатных дваран, са шмат якімі з іх быў у сваяцтве. Яго павярхоўная начытанасць была досыць вялікая, каб прымусіць гэтых круглых невукаў з пашанай адносіцца да яго вучонасці, а важныя манеры, станавітасць гаворкі і ўзвышаны тон, у якім ён размалёўваў „магутнасць царквы і духавенства“, унушалі ім паняцце аб яго святасці…

Прыёр Эймер і яго норавы былі вельмі добра вядомы і Гурту, і Вамбе. Яны нязграбна яму пакланіліся і за гэта атрымалі бласлаўленне.