Старонка:Айвенго (1934).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

жаны стары з жахам пераводзіў вочы з твара барона на твары прыслужнікаў, у надзеі ў кім-небудзь заўважыць хоць іскру жалю, але Фрон дэ-Бёф глядзеў на яго з халоднай і панурай усмешкай. Зірнуўшы на разложаны агонь, над якім збіраліся распяць яго, і пераканаўшыся, што яго кат неўмалімы, Ісаак страціў усю рашучасць.

— Я заплачу тысячу фунтаў срэбра, — прагаварыў ён упалым голасам і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — заплачу, зразумела з дапамогаю маіх сабратоў, таму што мне прыдзецца, як жабраку, прасіць міласцыню каля дзвярэй нашай сінагогі, каб сабраць такую нечуваную суму… Калі і куды трэба яе ўнясці?

— Сюды, — адказаў Фрон дэ-Бëф, — вось тут ты яе і ўнясеш… прытым я буду прымаць яе на вагу, разумееш? Вагою і падлікам вось на гэтай самай падлозе… Можа ты думаеш, што я з табою расстануся раней, чым атрымаю выкуп?

— А што будзе мне зарукай у тым, што я атрымаю волю, калі выкуп будзе заплочаны? — запытаў стары.

— Досыць з цябе і чэснага слова нармандскага двараніна, — адказаў Фрон дэ-Бёф.

У яўрэя вырваўся глыбокі стогн.

— Разам з маёй воляй, — сказаў ён, — дай ужо мне і волю тых, якія былі маімі спадарожнікамі.

— Калі ты маеш на ўвазе тых саксонскіх балванаў, дык ведай, за іх будуць патрабаваць іншага выкупу, чым за цябе, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Ведай сваю справу, а ў чужыя справы не мяшайся.

— Значыцца, — сказаў Ісаак, — ты адпускаеш на волю толькі мяне ды майго параненага сябра?

— Няўжо, — усклікнуў Фрон дэ-Бёф, — я павінен два разы паўтараць табе, каб ты ведаў сваю справу, а ў чужыя не мяшаўся? Табе застаецца толькі выплаціць выкуп, ды хутчэй.

— Няхай дачка мая Рэвека паедзе ў Іёрк, — прагаварыў Ісаак, — вядома з пропускам ад вашага імя, шляхетны рыцар, і так хутка, як толькі можна коннаму чалавеку вярнуцца адтуль назад, увесь скарб будзе дастаўлены сюды, вы можаце яго зважыць і змераць вось тут, на падлозе.