Старонка:Айвенго (1934).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

— Твая дачка!.. — сказаў Фрон дэ-Бёф, як быццам з здзіўленнем. — Дальбог, Ісаак, шкада, што я гэтага не ведаў. Я думаў, што гэта чорнабровая дзяўчына чужая табе, і прыставіў яе служанкаю да сэра Брыяна де Буагільбера…

Стогн, які вырваўся з грудзей Ісаака, адгукнуўся ва ўсіх кутах скляпення і так здзівіў абодвух сарацінаў, што яны міжволі выпусцілі з рук гаротнага яўрэя. Ён выкарыстаў гэты момант, каб упасці і абняць калені Рэджынальда Фрон дэ-Бёф.

— Сэр рыцар, — ускрыкнуў ён, — бяры ўсё, што патрабаваў; бяры ў дзесяць разоў больш… разбурай мяне, давядзі да жабрацтва… не! Забі мяне сваім кінжалам, сасмаж на гэтым агні… толькі пашкадуй маю дачку, адпусці яе з чэсцю, без крыўды!.. Заклінаю цябе той жанчынаю, якая цябе нарадзіла. Яна жывы партрэт мае памёршае Рахілі, апошні заклад яе кахання, які мне застаўся… а іх было ў мяне шасцёра… Не пазбауляй адзінокага ўдаўца яго адзінае уцехі…

— Я не магу змяніць таго, што здарылася, або павінна здарыцца. Я ўжо даў слова свайму таварышу па зброі, а слова свайго я не змяню. Да таго ж чаму ты думаеш, што з дзяўчынай здарыцца няшчасце, калі яна застанецца Буагільберу?

— Немінуча здарыцца! — ускрыкнуў Ісаак, ламаючы сабе рукі. — Чаго-ж іншага чакаць ад храмоўніка, як не жорсткасці!

— Сабака! — закрычаў Фрон-дэ Бёф, бліснуўшы вачыма, — не смей блюзніць супроць ордэна рыцараў сіёнскага храма.

— Разбойнік, нягоднік! — закрычаў стары, забываючы на сваю поўную бездапаможнасць і не маючы сілы стрымаць свайго палкага парывання, — нічога табе не дам! Ні аднаго срэбнага пені не ўбачыш ад мяне, покуль не вернеш мне дачку!

— Ці маеш ты розум? — сурова адказаў нармандзец.

— Мне ўсёроўна! Рабі са мною, што хочаш. Мая дачка мне ў тысячу разоў даражэй майго беднага цела, якое ты пагражаеш разарваць. Не бачыць табе майго срэбра!.. Толькі расплаўленым ім заліў-бы я тваю хцівую глотку… Ні аднае срэбнае манеты табе не дам! Бяры маё жыццё, калі хочаш, а потым расказвай, як яўрэй, не гледзячы ні на якія катаванні, пляваў у твой твар.