Старонка:Айвенго (1934).pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

— А вось паглядзім, — сказаў Фрон дэ-Бёф. — Ты ў мяне паспрабуеш і агня і вострай сталі!.. Распранайце яго, нявольнікі, і разапніце ланцугамі паверх кратаў!

Не гледзячы на слабое супраціўленне старога, сараціны сарвалі з яго верхнюю вопратку і толькі што збіраліся распрануць нагала, як пачуліся гукі трубы, двойчы паўтораныя, і такія галосныя, што пранікнулі нават у глыбіню падзямелля. У тую-ж хвіліну пачуліся галасы, якія клікалі сэра Рэджынальда Фрон дэ-Бёф. Люты барон даў знак нявольнікам зноў адзець яўрэя і разам з прыслужнікамі выйшаў з цямніцы.


РАЗДЗЕЛ XXIII

КАЛЯ поўдня дэ-Брасі, дзеля якога спачатку была задумана ўся гэта экспедыцыя, з’явіўся выконваць задуманыя намеры, гэта значыць, дабівацца рукі і пасага лэдзі Равены.

Ён вітаў Равену, здзеўшы свой аксамітны берэт, упрыгожаны залатым аграфам. У той жа час ён грацыёзным рухам запрасіў яе сесці, і дзеля таго, што яна не садзілася, рыцар зняў пальчатку з свае правай рукі і намерыўся сам падвесці да крэсла лэдзі Равену. Але яна гэстам адхіліла гэту ласкавасць і сказала:

— Калі я знаходжуся ў прысутнасці майго турэмшчыка, сэр рыцар, а абставіны такія, што я не магу думаць інакш… то вязню больш прыстойна выслухаць прысуд стоячы.

— Прабачце, чароўная Равена, — адказаў дэ-Брасі, — вы знаходзіцеся не ў прысутнасці турэмшчыка, а вашага палоннага… З вашых прыгожых вачэй чакае дэ-Брасі таго прысуду, якога вы чакаеце ад яго.

— Я вас не ведаю, сэр, — прагаварыла яна, выпрастаючыся з гордым выглядам глыбока пакрыўджанай жанчыны, — я не ведаю вас, а дзёрзкая фамільярнасць, з якой вы звяртаецеся да мяне на мове, вартай трубадураў, не апраўдвае гвалту, больш прыстойнага разбойніку.

— Ты сама таму прычынай, — гаварыў далей дэ-Брасі ў тым-жа тоне, — прыпісвай сабе самой тое, што ў маіх учынках было недастаткова пачціва, бо цябе я выбраў царыцай майго сэрца і сваёй пуцявою зоркай!