Старонка:Айвенго (1934).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

манер складае для вас такую цяжкасць: больш сумленна было бы вам захаваць вопратку і гутарку разбойніка, чым хаваць зладзейскія справы пад маскай далікатных і ласкавых сказаў.

— Твая парада добрая, — сказаў нармандзец, — я буду на словах адкрыты, што ўсяго лепш апраўдвае адкрытую дзейнасць: хай будзе табе вядома, што не выйдзеш з гэтага замка інакш, чым жонкаю Морыса дэ-Брасі. Ты гордая, Равена, але тым больш ты вартая мне ў жонкі. І якім інакшым спосабам можаш ты пазбавіцца ад жыцця ва ўбогім драўляным хляве, дзе саксонцы жывуць упокат са сваімі свіннямі, якія складаюць усё іх багацце?

— Сэр рыцар, — адказала Равена, — той хлеў, пра які вы ўспамянулі з такой знявагай, з малых год служыў мне надзейным прытулкам, і паверце, што, калі я яго пакіну, калі гэта калі-небудзь здарыцца, то не інакш, як пад апякунствам такога чалавека, які не стане зняважліва гаварыць пра тое жыллё і пра тыя звычаі, сярод якіх я вырасла і выхавалася.

— Я адгадваю вашу думку, лэдзі, — сказаў дэ-Брасі, — хоць вы, можа, думаеце, што сказалі вельмі туманна для майго разумення. Але не думайце, што Рычард Львінае Сэрца калі-небудзь вернецца на свой трон: яшчэ менш таго пэўна, каб яго любімчык Уільфрэд Айвенго падвёў вас да яго і прадставіў, як сваю жонку. Гэты сапернік знаходзіцца пад маёй уладай, і ад мяне залежыць выдаць тайну яго прабывання ў замку Рэджынальду Фрон дэ-Бёф, а калі барон даведаецца пра гэта, яго рэўнасць будзе мець горшы вынік, чым мая.

— Уільфрэд тут? — прагаварыла Равена пагардліва. — Гэта павінна быць так праўдзіва, як тое, што Фрон дэ-Бёф яго сапернік.

Дэ-Брасі з хвіліну пільна глядзеў на яе.

— Ты сапраўды не ведала пра гэта? — сказаў ён. — Значыцца ты не ведала, што ў насілках яўрэя везлі Уільфрэда Айвенго?.. Няма чаго казаць, прыстойны спосаб пераезду для крыжаносца.

Ён пагардліва засмяяўся.