Старонка:Айвенго (1934).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

Равена абвяла вачыма наўкола, як бы шукаючы якой-небудзь падтрымкі і абароны, некалькі разоў перапынна ўскрыкнула і залілася слязьмі. Дэ-Брасі быў крануты гэтай праявай гора, хоць адчуваў куды больш замяшання, чым спачування. Ён зайшоў так далёка, што адступаць было ўжо позна; аднак Равена была ў такім стане, што ні ўгаворамі, ні пагрозамі нельга было на яе ўздзейнічаць. Дэ-Брасі хадзіў узад і ўперад па пакою, то дарэмна стараючыся супакоіць перапужаную дзяўчыну, то раздумваючы, што-ж яму цяпер рабіць.

„Калі, — думаў ён, — я дапушчу перамагчы сябе слязьмі, я рызыкую страціць усе тыя бліскучыя надзеі, з-за якіх ужо досыць паклапаціўся, ды ў дадатак мяне асмяюць і прынц Іоан і яго вясёлыя прыспешнікі. Аднак я адчуваю, што не гаджуся для ўзятай на сябе ролі. Лепш-бы яна прадаўжала трымацца ўсё гэтак-жа высакамерна!“

Раптам зычны гук паляўнічага рога ўварваўся ў пакой.


РАЗДЗЕЛ XXIV

РЭВЕКА чакала вырашэння свайго лёсу, замкнутая ў далёкай адасобненай вежы. Сюды прывялі яе двое замаскаваных зладзеяў, і калі яны ўштырхнулі яе ў невялікі пакой, яна апынулася твар у твар са старою жанчынай, якая, седзячы за пражаю, мармытала сабе пад нос саксонскую песню, у такт верацяну, якое гудзела па падлозе. Пры ўваходзе Рэвекі старая ўзняла галаву і ўставілася на дзяўчыну з такой злоснай зайздрасцю, з якой старасць і брыдота глядзяць на юнацтва і хараство.

— Вымятайся прэч адсюль, стары цвыркун! — сказаў адзін з праваднікоў Рэвекі, — так загадаў нам шляхетны гаспадар. Ачысць гэты пакой, ён спатрэбіўся для госці чысцей за цябе.

— Так, — прабурчэла старая, — вось як цяпер узнагароджваюць за службу. Быў час, калі аднаго майго слова было досыць, каб лепшага воіна з вашага брата ссадзіць з месца і прагнаць з двара; а цяпер мне прыходзіцца выбірацца па загаду першага прайдзісвета-конюха.

— Тут разважаць няма чаго, панна Урфрыда, — сказаў другі, — выходзь і ўсё тут. Барскія загады трэба выконваць