Старонка:Айвенго (1934).pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

хутчэй. Быў твой час, ды мінуў. Ты цяпер усёроўна, што стары баявы конь, пушчаны пасвіцца на голы верасок: у былыя гады ўсякія курбеты вырабляла, а цяпер хоць трушком хадзі і то добра. Ну ну, пашавельвайся!

— Абодва вы паганыя сабакі, — сказала старая, — і пахаваюць вас у сабакарні! Забі мяне гром, калі я пайду з свайго ўласнага пакоя раней, чым скончу сваю пражу.

— Наконт гэтага можаш сама гаварыць з гаспадаром, — сказаў конюх і пайшоў разам са сваім таварышом, пакінуўшы Рэвеку адну з старою, якой мімаволі навязалі яе кампанію.

— Што за д’яблавы справы яны яшчэ задумалі? — гаварыла старая, бубнячы сабе пад нос і скоса паглядаючы на Рэвеку злоснымі вачыма. — Аднак, здагадацца няцяжка: прыгожыя вочы, чорныя кучары, скура, як белая папера. Чужаземка, здаецца, — гаварыла яна далей, аглядваючы гарнітур і галаўны ўбор Рэвекі. — З якой краіны? Сарацінка будзеш ці егіпцянка? Што-ж ты не адказваеш? Калі ўмееш плакаць, нябось, умееш і гаварыць?

— Зрабі вялікую ласку, — сказала Рэвека, — скажы мне, чаго мне яшчэ чакаць; мяне прыцяглі сюды сілком, але я не ведаю, ці не забіць яны мяне хочуць.

— Узяць тваё жыццё, мілая? — адказала старая. — Што-ж ім за радасць пазбаўляць цябе жыцця? Не, павер майму слову, для твайго жыцця ніякай небяспекі не будзе. А зробяць з табою тое, што зрабілі з радавітымі саксонскімі дзяўчатамі.

— Ці нельга як-небудзь выратавацца? Хіба няма спосабаў уцячы адсюль? — сказала Равека.

— І не думай, — сказала старая, — адсюль толькі і ёсць адзін спосаб пайсці — памерці. Бывай. Маё прадзіва скончылася, а тваё толькі пачынаецца.

— Пастой, пачакай, — узмалілася Рэвека, — застанься тут, сварыся на мяне, лайся, толькі не ідзі…

— Прысутнасць самой маткі боскай не была мне абаронай, — адказала старая, паказваючы на стаяўшы ў куце вобраз. — Вось яна стаіць… паглядзім, ці выратуе яна цябе ад лёсу, які цябе чакае!