Старонка:Айвенго (1934).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

каля аднае з бойніц. — Тут я і буду стаяць, — прадаўжала яна, — а ты заставайся там, дзе стаіш, і калі ты хоць на адзін крок скароціш адлегласць між намі, то ўбачыш, што я хутчэй памру, чым паверу сумленню храмоўніка!

Голас яе не здрыгануўся і шчокі не пабялелі ад жаху перад блізкасцю смерці; наадварот, упэўненасць, што яе лёс цяпер у яе ўласных руках і што яна зможа знайсці ў смерці ратунак ад здзекаў, надала яшчэ больш жывы румянец яе смугламу твару і яшчэ большы бляск яе бліскучым вачам. Буагільбер падумаў, што ніколі яшчэ не бачыў такога адухоўленага хараства.

— Памірымся, Рэвека, — сказаў ён.

— Памірымся, калі хочаш, — адказала яна, але толькі на такой адлегласці.

— Табе больш няма чаго баяцца мяне, — сказаў Буагільбер.

— Я і не баюся цябе, — сказала яна, — з літасці таго, хто пабудаваў гэту вежу так высока, я цябе не баюся.

— Ты несправядліва да мяне, — сказаў храмоўнік. — Я ад прыроды зусім не такі, якім ты мяне бачыла. Жанчына навучыла мяне жорсткасці, і я помсціў заўсёды жанчынам… але не такім як ты. Выслухай мяне, Рэвека. Ні адзін рыцар не браўся за баявое кап’ë з сэрцам больш адданым сваёй даме, чым я быў адданы той, якую любіў. Яна была дачка дробна-маянтковага барона, і ўсё іх багацце заключалася ў поўразбуранай вежы, у бясплодным вінаградніку, ды ў некалькіх дзесяцінах неўрадлівых пясчаных раўнін у ваколіцах Бардо; але імя яе стала вядома ўсюды, дзе адбываліся баявыя геройствы і прагучала мацней, чым імёны многіх дзяўчат, за якімі абяцалі ў пасаг цэлыя графствы… Так, — гаварыў ён далей усхвалявана, ходзячы ўзад і ўперад па вузкай пляцоўцы і як-бы забыўшыся аб прысутнасці Рэвекі, — так, мае геройскія ўчынкі, небяспека, пралітая кроў мая праславіла імя Адэлаіды дэ-Монтэмар ад Кастыліі аж да Візантыйскага двара! І як-жа яна мне адплаціла за гэта? Калі я вярнуўся да яе з трафеямі, купленымі цаною ўласнае крыві і цяжкае працы, я застаў яе замужам за гаскон-