Старонка:Айвенго (1934).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

але з’яўляюся ў ім адным з галоўных камандораў і маю права прэтэндаваць з часам на посах гросмайстра. Рыцары храма не здавальняюцца тым, што могуць стаць пятою на шыю распластанага манарха; гэта можа і ўсякі манах, які носіць вераўчаныя пантоплі. Не, нашы браняносныя стопы паднімуцца па ступенях трона, і нашы жалезныя пальчаткі будуць вырываць скіпетры з рук каралёў. Я шукаў толькі роднай мне душы, з кім-бы падзяліць свае мары, і ў табе я знайшоў такую душу.

— І гэта гаворыш ты жанчыне майго племені! — усклікнула Рэвека. — Адумайся!

— Не гавары мне, — перапыніў яе храмоўнік, — аб розніцы нашых веравызнанняў; на патайных нарадах нашага ордэна мы смяемся над такімі паняццямі і лічым іх дзіцячымі казкамі. Не думай, каб мы доўга заставаліся сляпыя ад бяссэнснага глупства нашых заснавальнікаў, якія прадпісалі нам адмовіцца ад усіх радасцей жыцця і са здавальненнем прымаць пакутніцкі вянок, паміраючы ад голаду, ад смагі, ад чумы, або ад рукі дзікуноў, дарэмна абараняючы сваімі целамі голую пустыню, якая мае каштоўнасць толькі ў вачах забабонных людзей. Наш ордэн досыць хутка прысвоіў сабе больш смелыя і шырокія погляды і знайшоў іншую ўзнагароду за ўсе нашы афяры. Нашы велізарныя маёнткі ва ўсіх каралеўствах Еўропы, наша ваенная слава, якая грыміць ва ўсіх краінах і прыцягвае ў наша асяроддзе кветкі рыцарства з усяго хрысціянскага свету — усё гэта служыць такім мэтам, пра якія і не снілася нашым пабожным заснавальнікам. Але мы захоўваем гэта ў тайне ад слабых галоў, якія ўступаюць у наш ордэн на аснове старадаўняга статута; яны застаюцца з старымі забабонамі, а мы імі карыстаемся як пасіўнай зброяй нашай волі… Але я не буду больш выкрываць перад табою нашы тайны. Я чую гукі трубы… можа мая прысутнасць там патрэбна… Падумай пра тое, што я табе сказаў. Бывай!.. Не прашу выбачэння за тое, што пагражаў табе гвалтам, таму што гэта было патрэбна для высвятлення твайго характару. Толькі на пробным камені пазнаецца чыстае золата. Я вярнуся і мы яшчэ пагутарым.