Старонка:Айвенго (1934).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

Ён глядзеў на ліст, круцячы яго ў руках, як-бы у надзеі, што, перакручваючы ва ўсе бакі, дойдзе да сэнсу напісанага. Урэшце ён перадаў яго Морысу дэ-Брасі.

— Не ведаю, што гэта за магічныя знакі, — сказаў дэ-Брасі, які быў такім-жа невукам, як і большасць рыцараў таго часу. — Наш капелан спрабаваў вучыць мяне пісаць, — прадаўжаў ён, — але ў мяне замест літар атрымліваліся наканечнікі коп’яў або лязо мячоў, так што стары хрыч махнуў на мяне рукою і кінуў вучыць.

— Дайце мне ліст, — сказаў храмоўнік, — мы хоць тым падобны на манахаў, што крыху вучымся.

— Дык мы пакарыстаемся вашымі ведамі, — сказаў дэ-Брасі. — Ну, што-ж тут гаворыцца?

— Гэты ліст ёсць форменны выклік на бойку, — адказаў храмоўнік, — ды яшчэ самы дзіўны выклік, які калі-небудзь пасылаўся цераз пад’ёмны мост баронскага замка.

— Жарт? — прагаварыў Фрон дэ-Бёф. — Хацеў-бы я ведаць, хто адважыўся пажартаваць са мною наконт такога прадмета?.. Прачытай, сэр Брыян.

Храмоўнік пачаў голасна чытаць наступнае:

„Я, Вамба, сын Уітлеса, блазен у доме шляхетнага і вяльможнага двараніна, Седрыка Ротэрвудскага, па мянушцы Саксонца, і я, Гурт, сын Беовульфа, свінапас“…

— Ты ашалеў! — перапыніў яго фрон дэ-Бёф.

— Клянуся святым Лукою, тут так напісана, — адказаў храмоўнік і чытаў далей, — „я Гурт, сын Беовульфа, свінапас у маёнтку вышэйадзначанага Седрыка, пры дапамозе нашых саюзнікаў і аднадумцаў, якія стаяць за адно ў гэтай справе, а іменна: харобрага рыцара, што цяпер празываецца „Чорны Гультай“ і добрага іëмена Роберта Локслі, па мянушцы „Самастрэл“, абвяшчаем вам, Рэджынальд Фрон дэ-Бёф, і ўсім, якія ёсць пры вас таварышы і саюзнікі, што паколькі вы, без усялякай прычыны і без абвяшчэння варожасці, хітрасцю і круцельствам захапілі ў палон асобу адзначанага Седрыка, а таксама асобу лэдзі Равены з Харготстанстыда; таксама асобу шляхетнага Атэльстана Конінгсбургскага; а роўна некалькі чалавек, якія з’яўляюцца іх слугамі, роўна як некалькі прыгонных іх нявольнікаў; так-