Старонка:Айвенго (1934).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

сама нейкага яўрэя Ісаака з Іёрка, роўна як дочку яго, таксама яўрэйку; а таксама завалодалі некаторай колькасцю коняй і мулаў; якія асобы са сваімі слугамі і нявольнікамі, коньмі і муламі, а роўна і адзначаныя яўрэй з яўрэйкай, нічым не правініліся, а мірна ехалі шляхам; а таму мы просім і патрабуем, каб адзначаныя асобы, гэта значыць Седрык Ротэрвудскі, Равена з Харготстанстыда і Атэльстан Конінгсбургскі са сваімі слугамі, нявольнікамі, коньмі, муламі, яўрэем і яўрэйкай, а таксама ўсё іх дабро і пажыткі былі не далей, як праз гадзіну пасля атрымання гэтага выданы нам, або каму ўкажам прыняць іх у цэласці і захаванасці, не пашкоджанымі ні цялесна, ні ў адносінах маёмасці іх. У праціўным выпадку абвяшчаем вам, што лічым вас здраднікамі і разбойнікамі, маем намер біцца з вамі, даймаць аблогаю, прыступам або інакш і чыніць вам усякую назолу і разбурэнне. Дзеля чаго і молім бога злітавацца над вамі. Пісана напярэдадні свята святого Вітольда, пад вялікім Зборным Дубам на Крутым Скрыжаванні; а пісаў тыя словы праведны чалавек, служка госпада, божай мацеры і святога Дунстана, алтарнік лясной капліцы, што ў Копмангерсце“.

Унізе дакумента быў надрапаны спачатку грубы малюнак, выяўляўшы голаву пеўня са стаячым гребнем і надпісам, што такая сімвалічная пячатка Вамбы, сына Уітлеса. Ніжэй гэтай паважнай эмблемы нарысаваны крыж азначаў подпіс Гурта, сына Беовульфа; потым ішлі выразна і буйна напісаныя словы „Чорны Гультай“, а ўсіх ніжэй досыць удачны малюнак стралы служыў подпісам іёмена Локслі.

Рыцары выслухалі да канца незвычайны дакумент і ў неразуменні пераглянуліся, не могучы разгадаць, што гэта магло азначаць. Дэ-Брасі першы парушыў маўчанне выбухам нястрымнага рогату, да чаго і храмоўнік далучыў свой, але больш памяркоўны, смех.

Фрон дэ-Бёф, наадварот, з нездавальненнем аднёсся да іх вясёласці.

— Папярэджваю вас, панове, — сказаў ён, — што пры сучасных абставінах куды разумней падумаць, што зрабіць, чым займацца лёгкадумнымі жартамі.