Старонка:Айвенго (1934).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

яны займаліся. Іх набралася ўжо больш двух соцень, і бесперапынна прыходзілі яшчэ другія партыі.

Іх правадыры толькі тым і адрозніваліся ад сваіх падначаленых, што на шапцы ў іх было па пяру, ва ўсім астатнім яны былі апрануты і ўзброены зусім аднолькава з іншымі.

Акрамя гэтых атрадаў, зыходзіліся на дапамогу менш правільна арганізаваныя і не так добра ўзброеныя саксонцы, жыхары бліжэйшых мястэчак, а таксама прыгонныя людзі і слугі з вялікіх маёнткаў Седрыка. Нямногія з іх былі ўзброены пасапраўднаму, большасць прыйшла з такімі прадметамі, якія ў выпадку толькі крайняй патрэбы можна было ператварыць у баявую зброю; гэта былі пераважна вілы, косы, цапы і да таго падобныя; нармандцы, прытрымліваючыся звычайнай палітыкі заваявацеляў, не дазвалялі пераможаным саксонцам мець мячы і коп’і. Дзякуючы гэтаму саксонцы былі далёка не так страшны для абложаных, як маглі-б быць, калі прыняць пад увагу іх моцны целасклад, шматлікасць, а таксама запал. Кіраўнікам гэтага вельмі стракатага і рознакалібернага войска перадалі ўрэшце ліст, напісаны храмоўнікам.

Перш усяго аддалі яго пустэльніку, просячы прачытаць, што там напісана.

— Клянуся посахам святога Дунстана, — сказаў гэты шаноўны манах, — а гэтым посахам ён загнаў у рай столькі душ, як ні адзін святы, клянуся, што не толькі не магу прачытаць таго, што тут сказана, але і таго не ведаю, ці пафранцузску яно напісана, ці паарабску.

З гэтымі словамі ён перадаў ліст Гурту, які панура матнуў галавою і аддаў яго Вамбе. Блазен аглядзеў усе рагі паперы, усміхаючыся з хітрым выглядам, потым зрабіў каленца і аддаў ліст Роберту Локслі.

— Каб даўгія літары былі лукі, а кароткія — стрэлы, я-б што-кольвек разабраў, — сказаў сумленны іëмен. — Я гэтак-жа мала магу разумець сэнс гэтых знакаў, як падстрэліць аленя, які гуляе за дванаццаць міль адсюль.

— Давядзецца ўжо мне прачытаць вам, — сказаў Чорны Рыцар і, узяўшы ліст з рук Локслі, прачытаў