Старонка:Айвенго (1934).pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

— Гора маё! — сказаў уяўны манах, — я ледзь не лопнуў ад страху! Але здаецца мне, што ўсіх там і іёменаў, і мужыкоў, бадай што, пяцьсот чалавек.

— Як, — выклікнуў храмоўнік, які ў тую хвіліну ўвайшоў у залу, — няўжо гэты асіны рой сабраўся ў такім мностве? Значыцца, пара задушыць іх ліхое племя?

Ён адвёў гаспадара ў бок і запытаў яго:

— Ведаеш ты гэтага манаха?

— Не, — адказаў Фрон дэ-Бёф, — ён не тутэйшы, з далёкага манастыра, і я яго не ведаю.

— У такім разе не перадавай яму на словах таго, што хацеў даручыць яму, — сказаў храмоўнік, — а няхай ён аднясе пісьмовы загад ад імя дэ-Брасі да яго вольнай дружыны, каб яны той-жа час ішлі сюды на дапамогу свайму начальніку. І тымчасам, каб гэты поп не здагадаўся ў чым справа, дазволь яму выканаць сваю задачу іпадрыхтаваць саксонскіх свіней да бойні.

— Добра, няхай так і будзе, — адказаў Фрон дэ-Бёф і загадаў аднаму з слуг праводзіць Вамбу ў той пакой, дзе былі Седрык і Атэльстан.

— Мір вам! — прагаварыў блазен, увайшоўшы да іх, — хай будзе над вамі блаславенне святога Дунстана, святога Дзеніса, святога Дзютока і ўсіх святых!

— Уваходзь, калі ласка, — сказаў Седрык уяўнаму манаху, — чаго прыйшоў ты да нас?

— Я прыйшоў прыгатаваць вас да смерці, — адказаў блазен.

— Не можа быць! — закрычаў Седрык, страпянуўшыся. — Як яны ні злобныя, як ні бясстрашныя, яны не адважацца ўчыніць над намі такую жорсткую і несправядлівую расправу!

— Прабачце, — сказаў блазен, — звяртацца да іх чалавекалюб’я было-б таксама дарэмна, як утрымліваць шалёнага каня на шаўковай вуздэчцы. А таму падумай добра, шляхетны Седрык, а таксама і вы, адважны Атэльстан, якія маеце вы грахі.

— Чуеш ты гэта, Атэльстан? — сказаў Седрык, — узнімемся-ж духам для гэтага апошняга нашага вялікага ўчынку. Лепш памерці як належыць мужчыне, чым жыць у няволі.