Старонка:Айвенго (1934).pdf/167

Гэта старонка не была вычытаная

— І яшчэ якая надзея! — выкрыкнуў Вамба. — Хай будзе табе вядома, што, апрануўшы мой балахон, ты апранаешся ў генеральскую вопратку. Пяцьсот чалавек сабралася каля сцен, і сёння я быў адным з галоўных правадыроў. Мая дурная шапка сышла за каску, а брызкаўкі за маршалаўскі посах. Вось пабачым, ці шмат яны выйграюць, змяніўшы дурня на разумнага чалавека.

Яны канчаткова перамянілі вопратку, як раптам у галаве Седрыка ўзнікла новае сумненне.

— Я ніякіх моў не ведаю, акрамя свае роднае гаворкі ды некалькіх сказаў панармандску; як-жа буду я выдаваць сябе за сапраўднага манаха?

— Уся штука ў двух словах, — сказаў Вамба. — Што-б не гаварылі табе, адказвай: „мір вам“. Ці трэба табе ўвайсці або выходзіць, блаславіць каго або праклясці — „мір вам“ ды і ўсё тут. Для манахаў гэтыя слоўцы гэтак-жа патрэбны, як памяло для ведзьмы або посах для чараўніка. Вымаўляй толькі так… нізкім голасам і з паважнасцю… „мір вам“! І убачыш, супроць гэтага ніхто не ўстаіць. Ці варта, ці брамны вартаўнік, рыцар ці зброяносец, пешы або конны, на ўсіх дзейнічае, як цудадзейнае зелле. Я думаю, калі павядуць мяне заўтра вешаць, што яшчэ вельмі няпэўна, я паспрабую сказаць гэтыя словы таму, каму даручаць мяне караць… а мо’ дапаможа!

— Калі так, — сказаў Седрык, — я ў момант ператваруся ў манаха. Шляхетны Атэльстан, бывай… Бывай і ты, Вамба. Я вас выручу, або вярнуся і памру разам з вамі.

— Бывайце, шляхетны Седрык, — сказаў Атэльстан, — памятайце, што манахі ніколі не адмаўляюцца закусіць, і калі вам прапануюць падмацаваць вашы сілы, не выходзьце з ролі, згаджайцеся.

Прабіраючыся нізкім скляпеністым калідорам да выходных сянец, Седрык раптам убачыў перад сабою жаночую фігуру.

— Мір вам! — сказаў уяўны манах, імкнучыся хутчэй прайсці міма, але мяккі жаночы голас спыніў яго.

— Прашу вас, вялебны айцец, будзьце міласцівы, наведайце параненага палоннага, які ляжыць тут у замку. Зрабіце такую ласку яму і нам… За такую добрую справу ваш ма-