Старонка:Айвенго (1934).pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

— Ты саксонец, айцец мой. Не супярэч, не супярэч, — прадаўжала яна, заўважыўшы, што Седрык не спяшаецца супярэчыць ёй. — Прыемна мне чуць тваю гаворку.

— Хіба духоўныя асобы з саксонцаў не заходзяць сюды? — запытаў Седрык.

— Не, не заходзяць, — адказала Урфрыда, — а калі і заходзяць, дык больш за тым, каб банкетаваць за сталом заваёўнікаў… Так, прынамсі, гавораць пра іх; сама-то я мала каго бачу. Вось ужо дзесяць год, як у гэтым замку не было ні аднаго свяшчэнніка, выключаючы таго распуснага нармандца, які быў тут капеланам і начамі піў разам з Рэджынальдам Фрон дэ-Бёф… але і той даўно адправіўся на той свет. А ты — саксонец, ды яшчэ саксонскі свяшчэннік, і мне трэба задаць табе адно пытанне.

— Так, я саксонец, — адказаў Седрык, — адпусці мяне, калі ласка… Клянуся, што прыду ў другі раз або прышлю да цябе другога духоўніка, які больш мяне варты выслухаць тваю споведзь.

— Пачакай яшчэ крыху, — сказала Урфрыда, — хутка, хутка голас мой зусім змоўкне. Трэба аднак выпіць віна, каб мець сілы расказаць табе ўсе жахі майго жыцця.

Яна наліла сабе шклянку і з прагнасцю асушыла яе да дна, як-бы баючыся ўпусціць хоць адну каплю. Выпіўшы віно, яна ўзняла вочы ўверх і прагаварыла:

— Яно адурманьвае, але падбадзёрыць ужо не можа. Выпі і ты, айцец мой, інакш не вытрымаеш і ўпадзеш на дол ад таго, што я збіраюся расказаць табе.

Седрык ахвотна адмовіўся-б ад такога злавеснага запрашэння, але яна звярнулася да яго так нецярпліва і з такім адчаем у поглядзе, што ён згадзіўся: узяў шклянку і таксама выпіў, чым, як відаць, значна супакоіў яе і яна пачала расказваць.

— Нарадзілася я, — сказала яна, — зусім не такою гаротнаю, як ты бачыш мяне, айцец мой. Я была вольная, шчаслівая, мяне паважалі, кахалі, і сама я кахала. Цяпер я няшчасная і зняважаная; покуль была прыгожаю — была цацкаю ў руках свайго гаспадара, а з таго часу, як хараство маё завяла, я стала прадметам усеагульнай апрыкрасці, нянавісці і зня-