Старонка:Айвенго (1934).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

— Ясна, — сказаў, засмяўшыся Вамба, — замест яго яны змогуць даехаць да Шэфільда, а ён для іх чым дрэнны? Добрая была-б у мяне галава, калі-б я паказаў сабаку, дзе лёг алень, калі я не хочу, каб ён злавіў таго аленя.

— Праўду кажаш, — сказаў Гурт. — Дрэнна было-б, калі Эймер пабачыў лэдзі Равену, ды яшчэ горш, калі-б Седрык, як ён таго відаць, жадаў, пасварыцца з гэтым рыцарам. Але-ж паколькі мы добрыя чаляднікі, нам найлепш слухаць, бачыць — і маўчаць.

Коннікі, пакінуўшы Вамбу і Гурта далёка ззаду, прадаўжалі гутарку на нармандска-французскай мове, якую пачыналі ўжываць што далей, то больш вышэйшыя класы насельніцтва, акрамя невялікай колькасці, якія пышыліся сваім саксонскім паходжаннем.

— Што азначае такое нахабства гэтых людзей? — запытаў храмоўнік прыëра,[1] — і чаму вы не далі мне правучыць тых грубіянаў?

— Ну, што там, брат Брыян, — адказаў прыёр, — адзін з іх — дурань, таму не можна чакаць ад яго разумнага адказу. А другі належыць да той дзікай, лютай, заўзятай пароды, што яшчэ і да гэтага часу сустракаецца паміж патомкаў пераможаных саксонцаў. Яны-ж не ведаюць іншага шчасця, як усімі спосабамі выяўляць сваю нянавісць да пераможцаў.

— Я хутка навучыў-бы яго прыстойнасці, — заўважыў Брыян. — Я прызвычаіўся мець справу з такімі людзьмі. Нашы турэцкія палонныя лютыя ды дзікія не менш ад іх, але, прабыўшы з два месяцы ў маім доме пад наглядам майго слугі, яны рабіліся паслухмяныя ды лагодныя, гатовыя выконваць усё, што толькі ім загадаюць. Звычайна, сэр, даводзіцца сцерагчыся атруты і кінжала: яны ахвотна карыстаюцца імі, калі для гэтага бывае прычына.

— Так, у кожнай краіне свае парадкі і звычаі, — адказаў прыёр Эймер, — ды не кажучы ўжо пра тое, што пабоямі нам не удалося-б даведацца ад іх якіх-небудзь вестак пра тое, як дабрацца да Седрыкавага жылля, — нават калі-б мы і знайшлі самі туды дарогу, напэўна давядзецца сур’ёзна пасварыцца з Седрыкам. Не забудзьце таго, што я сказаў вам: гэты багатыр-франклін — ганарлівы, запальчывы, не-

  1. Рыцар храма (Інакш храмоўнікі або тампліеры) — духоўна-рыцарскі ордэн, які меў ваенны характар. Меў велізарныя зямельныя ўладанні.