Старонка:Айвенго (1934).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

вагі. Хіба дзіўна, айцец мой, што я зненавідзела людзей? Я дачка тана Торкільстонскага, перад якім дрыжэлі тысячы васалаў.

— Ты дачка Торкіля Вольфгангера! — сказаў Седрык, адступаючы ад яе. — Ты… ты дачка сябра майго бацькі і яго ратнага таварыша?

— Сябра твайго бацькі? — ускрыкнула Урфрыда. — Значыцца, ты Седрык, па мянушцы Саксонец.

— Усёроўна, хто-б я ні быў, — сказаў Седрык, — прадаўжай. Напэўна без злачынства не абышлося ў тваім жыцці.

— Так, ёсць злачынствы, — адказала старая. — Так, у гэтых самых пакоях, запляменых крывёю майго бацькі і маіх братоў, у гэтым доме я жыла нявольніцай жадобаў іх забойцы, удзельніцай яго распустваў.

— Няшчасная жанчына! — ускрыкнуў Седрык.

— І ў мяне бывалі гадзіны помсты: я падбівала нашых ворагаў на сваркі, распякала іх палкасць, сярод п’янай гульбы абуджала смяротную варожасць… Я бачыла, як лілася іх кроў. Чула іх перадсмяротныя стогны! Паглядзі на мяне, Седрык… ці не засталіся на маім зблеклым твары якія-небудзь рысы, што напамінаюць Торкіля?

— Не пытай пра гэта, Ульрыка.

— Доўга разгаралася глухая варожасць паміж тыранам бацькам і яго лютым сынам… доўга песціла я ўпотайкі іх узаемную нянавісць… і ўрэшце полымя ўспыхнула ў нядобрую часіну п’янай гульбы, і за сваім уласным сталом мой крыўднік упаў ад рукі роднага сына!.. Вось якія сакрэты хаваюцца пад гэтым дахам!..

— Што-ж здарылася з табою? — сказаў Седрык.

— Адгадай, але не пытай… Я тут засталася і жыла, покуль заўчасная старасць сваёю цяжкаю рукою не сказіла майго аблічча. І тады мяне пачалі асыпаць крыўдамі і ганьбіць там, дзе раней слухаліся і гнуліся перад мною. З вышыні сваёй святліцы, у самотнай вежы я асуджана была слухаць водгукі банкетовак, у якіх раней сама ўдзельнічала, ды крыкі і стогны новых ахвяр уціску!

— Ульрыка, — сказаў Седрык, — мне здаецца, што ў глыбіні сэрца ты ўсё яшчэ не перастала шкадаваць аб страце