Старонка:Айвенго (1934).pdf/173

Гэта старонка не была вычытаная

ў вашу сталовую і гаспадараць у вашых паграбах. Але зрабі мне паслугу, і што-б ні тварылася з астатняй браціяй, абяцаю табе, што ты будзеш у такой-жа бяспецы ў сваёй келлі, як улітка ў сваёй чарапашыне.

— Калі ласка, загадвайце, — сказаў Седрык, прыдушаючы хваляванне.

— Дык ідзі за мною гэтым калідорам, я цябе правяду ў бакавую фортку.

— Фрон дэ-Бёф быстраю хадою пайшоў уперад і па дарозе пачаў навучаць уяўнага манаха, які ішоў за ім следам, як яму трымаць сябе ў ролі пасланца.

— Ці бачыш, сэр манах, гэтае стада саксонскіх свіней, якія адважыліся акружыць мой замак Торкільстон? Нагавары ім, чаго хочаш наконт нямоцнасці гэтай цвярдыні або наогул скажы, што ўздумаецца, толькі-б яны яшчэ суткі прастаялі перад сценамі, не кратаючыся з месца. А ты, між тым, аднясі гэты ліст… Аднак пачакай… скажы, ты умееш чытаць?

— Ні капелькі, — адказаў Седрык, — толькі і ведаю чытаць свой трэбнік, але гэта таму, што я яго ведаю напамяць.

— Ну, тым лепш для маіх мэтаў. І так, аднясі гэты ліст у замак Філіпа дэ-Мальвуазена; скажы, што гэты ліст ад мяне, а пісаў яго храмоўнік Брыян дэ-Буагільбер, і што я прашу яго адаслаць гэты ліст у Іёрк як можна хутчэй. Скажы яму, каб ён аб нас не турбаваўся, што напэўна ён застане нас цэлымі і непашкоджанымі ў сценах нашай крэпасці… Я табе гавару, манах, ухітрыся выдумаць якую-небудзь зачэпку, каб утрымаць на месцы гэту погань, покуль не падаспеюць нашы прыхільнікі з сваімі коп’ямі. Мая помста абудзілася, а гэта такі сокал, які не засне, покуль не наесца здабычы!

— Клянуся маім святым апекуном, — сказаў Седрык з такою энергіяй, якой нельга было чакаць ад такога паслухмянага манаха, якім ён прадстаўляўся, — клянуся і ўсімі астатнімі святымі ўгоднікамі, што жывуць і памерлі ў Англіі, вашы загады будуць выкананы. Ні адзін саксонец не пойдзе з-пад гэтых сцен, калі маё майстэрства і ўплыў будуць мець сілу утрымаць іх на месцы.