Старонка:Айвенго (1934).pdf/175

Гэта старонка не была вычытаная

яны ўжо нацягнулі лукі, — не трэба страляць… няхай занясе ліст, акрамя яго няма каго паслаць. Я думаю, што ён не адважыцца мне здрадзіць… У горшым выпадку прыдзецца заключыць дагавор з тымі саксонцамі, што сядзяць у мяне на ланцугу. Гэй, Жыль, турэмшчык! Загадай, каб прывялі да мяне Седрыка Ротэрвудскага і таго… другога балвана, яго таварыша… Як-то яго?.. Конінгсбургскага… Атэльстана ці што! Дай мне пляшку віна, прапаласкаць рот пасля гэтых імён, як гаворыць вясёлы прынц Іоан. Падай віно ў збраёўню і скажы туды-ж прывесці палонных.

Загад быў выкананы: увайшоўшы ў вызначаную ім гатычную залу, увешаную мноствам рознай зброі, адбітай у ворагаў часткова ім самім, часткова яго бацькам, ён застаў там абодвух саксонскіх палонных, пад канвоем чатырох яго слуг. Віно ўжо стаяла на масіўным дубовым стале. Фрон дэ-Бёф спачатку выпіў адным духам вялікую шклянку віна, потым звярнуўся да палонных.

Вамба так насунуў сабе шапку на вочы, прытым перамена вопраткі так змяніла агульны характар яго выгляду, што пры цмяным асвятленні праз запыленыя і каляровыя шыбы і пры недастатковым знаёмстве барона з вонкавым выглядам Седрыка (які рэдка выязджаў з межаў свайго маёнтка і не меў прыяцельскіх адносін са сваімі нармандскімі суседзямі), Фрон дэ-Бёф спачатку не заўважыў, што галоўнага з захопленых палонных тут не было.

— Ну, англійскія храбрацы, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — як вам падабаецца гасцяваць у Торкільстоне? Ці скемілі вы цяпер, што значыць грэбаваць гасціннасцю прынца? Запамяталі вы, як адплацілі за ласкавы прыём нашаму царуючаму Іоану! Клянуся, калі вы не заплоціце выдатнага выкупу, я павешу вас за ногі на жалезных кратах вось гэтых самых вокан, і будзеце вы там вісець, покуль коршуны і крумкачы не зробяць вас голымі шкілетамі!.. Гаварыце, ці шмат вы дасце за выратаванне свайго жыцця? Спачатку гаварыце вы, Ротэрвудскі.

— Я то ні капейкі не дам, — адказаў Вамба, — а што да павешання за ногі, дык гэта, бадай нядрэнна: у мяне, гавораць, мазгі перавярнуліся ўверх нагамі з той хвіліны, як