Старонка:Айвенго (1934).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

даверлівы ды гняўлівы, і ён варожа адносіцца да баронаў і нават да сваіх суседзяў — Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і Філіпа Мальвуазена, якія і самі не любяць жартаваць. Ён так упарта абараняе прывілеі свайго роду і не сароміцца, а, наадварот, так ганарыцца сваім вядомым саксонскім паходжаннем, што ўсе завуць яго Седрыкам-Саксонцам.

— Вы, прыёр Эймер, — сказаў рыцар, — знаўца жанчын, асвечаны ў пытаннях полу ды справах кахання, а тая славутая Равена мабыць будзе вельмі прыдатная, каб ураўнаўнаважыць ува мне самаадданасць ды стрыманасць, якія, відаць, будуць патрэбны мне, таму што я хочу набыць прыхільнасць таго ўпартага саксонца, які, паводле вашых слоў, яе бацька, Седрык.

— Седрык не бацька ёй, — адказаў прыёр, — а далёкі сваяк. Яна шляхетнейшай крыві, як і ëн, — таму ён узяў апеку над ёю. А таму яна дорага яму, як родная дачка. Што да яе выгляду, хутка вы будзеце мець магчымасць пабачыць самі, і калі нежнае яе аблічча ды велічны, хоць і лагодны, погляд яе сініх вачэй не прагоняць з вашых думак чарнавокіх дзяўчат Палестыны, тады лічыце мяне за нявернага бусурмана, а не за шчырага сына царквы.

— Калі мы ўзважым на вазе вашу хвалёную красуню, — сказаў храмоўнік, — і яна выявіцца надта лёгкай, спадзяюся вы памятаеце наш заклад?

— Залаты ланцуг з майго боку, — адказаў прыёр, а з вашага — дзесяць бочак хіёскага віна. Яны мае — гэта пэўна, быццам яны ўжо ляжаць у манастырскіх падвалах.

— Але-ж за суддзю буду я сам, — гаварыў далей рыцар, — і павінен сам прызнацца, што такой красуні не бачыў цэлы год, пачынаючы ад самых зялёных свят. Такой была наша ўмова. Прыёр, вашаму ланцугу пагражае небяспека: ён будзе ухарошваць мой нагруднік у часе турніру ў Ашбі-дэ-ля-Зуш.

— Выйграйце яго сумленна, — сказаў прыёр, — і тады насіце сабе наздароўечка. Але-ж паслухайце мае парады, брат, трымайце язык за зубамі. Калі Седрык-Саксонец абразіцца, а ён вельмі ўражлівы ў гэтых адносінах — ён не ўшануе ні вашага рыцарскага чыну, ні майго высокага сану і мігам выганіць нас з дому і пашле начаваць разам з жаўранкамі