Старонка:Айвенго (1934).pdf/183

Гэта старонка не была вычытаная

сокага чалавека ў чорнай кальчузе?.. Ён накіроўвае той далёкі атрад гэтых ашуканцаў іëменаў… Клянуся святым Дзенісам, гэта, напэўна, той самы рыцар, якога мы празвалі Чорным Гультаём… Памятаеш, Фрон дэ-Бёф, яшчэ ён выбіў цябе з сядла на турніры ў Ашбі?

— Тым лепш, — сказаў Фрон дэ-Бёф, — значыцца, ён сам з’явіўся даставіць мне выпадак адпомсціць яму.

Гэтыя меркаванні былі перапынены яўнымі адзнакамі намеру ворага рушыць на прыступ. Кожны з рыцараў накіраваўся на свой пост і, разам з тымі нямногімі людзьмі, якіх удалося набраць і колькасць іх была далёка недастатковая для абароны сцен ва ўсю іх даўжыню, спакойна і цвёрда сталі чакаць пагражаўшага ім нападу.


РАЗДЗЕЛ XXVIII

КАЛІ Айвенго ў часе турніру ўпаў каля ног Равены і ўсе, як відаць, ад яго адступіліся, Рэвека ўпрасіла свайго бацьку ўзяць рыцара з бегавішча і завезці яго ў дом, які яўрэі займалі на ўскраіне горада Ашбі.

Рэвека, не трацячы часу, правяла маладога рыцара ў часовую кватэру свайго бацькі і ўласнымі рукамі абмыла і перавязяла яму рану.

Весткі па медыцыне і лекарскаму майстэрству Рэвека атрымала ад адной пажылай яўрэйкі, дачкі аднаго з вядомых яўрэйскіх дактароў. Гэта старая, звалі якую Мірыям, любіла Рэвеку, як уласную дачку, і былі чуткі, быццам яна перадала Рэвецы ўсе таямніцы пазнання, якія сама атрымала ад свайго мудрага бацькі.

Калі рыцар Айвенго быў прынесены ў жыллё Ісаака, ён усё яшчэ быў у непрытомнасці, дзякуючы таму, што шмат сцякло крыві. Рэвека агледзела рану і, прылажыўшы да яе лекі па ўсіх правілах свайго майстэрства, сказала бацьку, што калі не будзе ў хворага трасавіцы, на што дазволіла спадзявацца вялікая страта крыві, і калі лекавы бальзам старой Мірыям не згубіў свае сілы, дык няма чаго баяцца за жыццё іх госця, і ён можа заўтра-ж накіравацца з імі ў Іёрк.