Старонка:Айвенго (1934).pdf/193

Гэта старонка не была вычытаная

прымасцілася пад яго абаронай, што амаль з поўнай бяспекай для сябе магла бачыць усё, што адбывалася за сценамі замка і гаварыць Айвенго, як абложнікі рыхтаваліся да штурму.

Акно знаходзілася ў рагу галоўнага будынка і адтуль былі відаць не толькі ваколіцы замка, але і перадавы рэдут, на які, відаць, мелі намер перш усяго напасці абложнікі. Гэта была знадворнае ўмацаванне і складалася з вежы невялікіх памераў, прызначэнне якой было абараняць тую самую фортку, праз якую Фрон дэ-Бёф выпусціў Седрыка. Гэта вежа адлучана была ад астатняй крэпасці ровам, напоўненым вадою, і ў выпадку, калі-б вораг завалодаў ёю, лёгка было перарваць зносіны паміж ёю і замкам, для гэтага трэба толькі зняць дашчаны мосцік, перакінуты праз роў.

У сярэдзіне перадавога ўмацавання была кратчастая брама, адпаведныя форткі ў сцяне самога замка і ўвесь гэты форт быў агароджаны моцным частаколам. Па колькасці людзей, пастаўленых на абарону гэтага пункта, Рэвека магла заключыць, што абложаныя асабліва баяліся нападу з гэтага боку, а мяркуючы па таму, што супроць гэтага месца выстраіліся галоўныя сілы абложнікаў, ясна было, што і яны лічылі яго найбольш слабым пунктам і вырашылі адсюль пачаць атаку.

Рэвека паспяшалася паведаміць Айвенго гэтыя падрабязнасці, дадаўшы:

— На ўскраі лесу суцэльнай сцяной стаяць стралкі, але яны ў цяні пад дрэвамі, вельмі нямногія выйшлі ў адкрытае поле.

— А пад якім яны сцягам? — спытаў Айвенго.

— Я не бачу ніякіх сцягаў, ні значкоў.

— Вось дзіўная навіна! Ці не відаць, прынамсі, хто іх правадыры?

— Больш усіх відаць адзін рыцар, апрануты ў чорнае ўзбраенне.

— Які дзвіз на яго шчыту?

— Штосьці падобнае на жалезную поласу ўпоперак шчыта і на чорным полі вісячы замок блакітнага колеру.