Старонка:Айвенго (1934).pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

— А што напісана на шчыце?

— На такой адлегласці, — адказала Равека, — я ледзь магу разгледзець самы дэвіз, і то тады толькі, калі сонца ўдарае ў яго.

— А іншых правадыроў не відаць?

— Адсюль я не бачу нікога выдатнага. Здаецца, яны цяпер рушылі ўперад… Набліжаюцца… Якое страшнае відовішча! Тыя, што ідуць уперадзе, нясуць велізарныя шчыты і дашчаныя загароды…

Яе словы былі перапынены раптоўным сігналам да прыступу: абложнікі прарэзліва затрубілі ў рог, а са сцен загучэлі нармандскія трубы і літаўры, якія задзірыста адказвалі на выклік ворага.

Шалёны націск абложнікаў сустрэў не менш шалёны адпор з боку абложаных. Стралкі, прывыкшыя ў сваім бадзянні па лясах памайстэрску ўпраўляцца з лукам і стрэламі, дзейнічалі з такой беспамылковай дакладнасцю, што ні адзін пункт, у якім абаронцы праяўлялі самую малую адзнаку свае прысутнасці, не выслізаў ад іх увагі і ад меткіх даўгіх стрэл. Стральба была такая частая і роўная, што стрэлы падалі, як град, і дзякуючы таму, што кожная пападала ў цэль, яны дзесяткамі ўляталі ў кожную бойніцу, акно ці шчыліну ў загарожы балконаў, дзе мог знаходзіцца вартавы або хто-небудзь з абаронцаў. У самым хуткім часе двое ці трое з іх былі забіты і некалькі чалавек паранена. Але староннікі Рэджынальда Фрон дэ-Бёф і яго саюзнікі, з поўным давер’ем да непранікальнасці сваіх панцыроў і да непрыступнасці свайго прытулка, абараняліся гэтак-жа ўпарта, як энергічна адбываўся напад, і на хмары стрэл, якія сыпаліся бесперапынна на іх, адказвалі такімі-ж выстраламі з сваіх доўгіх арабалетаў і лукаў, шыбаннем дроцікаў, прашчаў і іншымі шыбальнымі знарадамі. Абложнікі хоць і карысталіся самым нікчэмным прыкрыццём, але трацілі значна больш людзей, чым абложаныя. Свіст і шчоўканне ў паветры стрэл, балтоў і камняў суправаджаліся моцнымі выгукамі.

— А я павінен тут ляжаць не кратаючыся, быццам аслаблы манах, — выклікнуў Айвенго, — покуль іншыя вядуць барацьбу,