Старонка:Айвенго (1934).pdf/196

Гэта старонка не была вычытаная

— Чорны Рыцар, — адказала Рэвека ледзь чутна, але адразу затым з радасцю закрычала: — Не, не! Ён зноў ускочыў на ногі і б’ецца так, як быццам у адной яго руцэ знаходзіцца сіла дваццаці чалавек… У яго меч пераламаўся надвое… ён выхапіў сякеру ў аднаго з іëменаў… Так і сыпле ўдарамі на барона Фрон дэ-Бёф… Асілак хіліцца… Упаў… Упаў!..

— Хто, Фрон дэ-Бёф? — усклікнуў Айвенго.

— Так, Фрон дэ-Бёф! — адказала яўрэйка. — Яго людзі кінуліся яму на дапамогу… на чале іх з’явіўся горды храмоўнік… Агульнымі сіламі яны прымушаюць рыцара спыніцца… Цяпер пацягнулі барона ва ўнутраны двор замка.

— Абложнікі завалодалі бар’ерамі, прарваліся? — запытаў Айвенго.

— Так, так, завалодалі! — ускрыкнула Рэвека. — Прыперлі абаронцаў да знадворнай сцяны… некаторыя прыстаўляюць драбіны… кружацца, як пчолы… ускакваюць на плечы адзін аднаму… На іх кідаюць каменні, бярвенні, драўляныя слупы ляцяць ім на галовы… Параненых адцягваюць прэч, і зараз- жа на іх месца становяцца новыя байцы…

— Каторы бок перамагае?.. Хто перамагае?..

— Драбіны ўпалі… — адказала Рэвека, здрыгануўшыся, воіны ляжаць пад імі, распластаныя, як раздушаныя чарвякі!.. Абложаныя ўзялі верх!

— Няўжо гэтыя здраднікі іёмены адступаюць?

— Не, — сказала Рэвека, — яны трымаюць сябе малайцамі.

— Вось цяпер Чорны Рыцар са сваёю велізарнай сякерай падступіў да брамы… сячэ яе… Чуеш, які страшэнны стук? Гэта ён б’е сякераю ў дзверы, і гул ад яго ўдараў глушыць астатні шум і крыкі… Яму на галаву скідаюць каменні і бярвенні… Але адважны рыцар не звяртае на іх ніякай увагі, быццам гэта пух або пер’е!

— Клянуся, — сказаў Айвенго, радасна прыўстаючы на локці, — я думаў, што ва ўсёй Англіі толькі адзін чалавек здольны на такую справу!

— Брама здрыганулася, — прадаўжала Рэвека, — вось яна трашчыць, распадаецца пад яго ударамі… Яны кінуліся праз пралом… захапілі вежу!.. Хапаюць абаронцаў і кідаюць