Старонка:Айвенго (1934).pdf/198

Гэта старонка не была вычытаная

у роў з вадою!.. О, людзі, калі ў вас ёсць што-небудзь чалавечае, пашкадуйце тых, хто больш не можа вам супраціўляцца!

— А мосцік?.. Мосцік, што злучае вежу з замкам… яны яго захапілі? — дамагаўся Айвенго.

— Не, — адказала Рэвека, — храмоўнік знішчыў дошку, па якой яны перайшлі цераз роў. Нямногія з абаронцаў выратаваліся з ім у сценах замка… Чуеш гэтыя енкі і крыкі? Яны гавораць табе, які лёс астатніх… Цяпер я ведаю, што відовішча перамогі яшчэ больш жахлівае за вдовішча бойкі!

— Што яны робяць цяпер? — сказаў Айвенго. — Паглядзі зноў… не такі час цяпер, каб млець гледзячы на кровапраліцце.

— Часова сціхлі, — адказала Рэвека, — нашы сябры ўмацоўваюцца ў заваяванай вежы. Яна так добра хавае іх ад выстралаў ворага, што абложаныя толькі рэдка пасылаюць туды свае стрэлы, і то больш для таго, каб трывожыць іх, а шкоды не наносяць.

— Нашы сябры, — сказаў Уільфрэд, — напэўна, не адмовяцца ад прадпрыемства, якое яны так мужна пачалі. Я ўскладаю ўсю маю надзею на добрага рыцара, што сваёю сякераю праламаў дубовую браму за жалезнымі скрэпамі… Дзіўная справа, — прадаўжаў ён мармытаць сабе пад нос, — няўжо ёсць на свеце двое, здольных на такую шалёную адвагу?.. Аковы і скрэпы на чорным полі… Што-б гэта магло значыць?.. Рэвека, ты не бачыш іншых знакаў, па якіх можна было-б спазнаць гэтага Чорнага Рыцара.

— Не, — сказала яўрэйка, — усё на ім чорнае, як груганова крыло. Нічога не бачу, ніякіх адзнак; але пасля таго, як я была сведкаю яго магутнасці і адвагі ў бойцы, здаецца мне, што я яго спазнаю і адрозню сярод тысячы іншых воінаў. Ён ідзе ў бойку, быццам на вясёлы банкет. Не адна сіла мышцаў кіруе яго ўдарамі, здаецца, быццам ён усю сваю душу ўкладвае ў кожны ўзмах зброі… Страшэнна глядзець!

— Рэвека, — сказаў Айвенго, — ты абмалёўваеш сапраўднага героя; калі яны бяздзейнічаюць, дык пэўна, толькі збіраюцца з сіламі для новага наступу, або прадумваюць спо-