Старонка:Айвенго (1934).pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

саб перапраўкі цераз роў. Я аддаў-бы дзесяць гадоў жыцця, каб хоць адзін дзень пабыць побач у бойцы з гэтым адважным рыцарам.

— Выбач, — прагаварыла Рэвека, пакідаючы сваё месца каля акна і падыходзячы да ложка параненага рыцара, — такая нецярплівая прагнасць дзейнасці, такая барацьба з асільваючай цябе слабасцю і безупыннае ўзбуджанне абавязкова затрымаюць тваё ачуньванне…

Айвенго змоўк.

Рэвека паглядзела на параненага рыцара і прагаварыла пра сябе:

— Ён спіць! Прырода ўзяла сваё. Ах, няўжо нельга мне мілавацца ім, калі, можа, я гэта раблю ў апошні раз?.. Хто ведае, можа, пройдзе некаторы час, і гэтыя прыгожыя рысы не будуць больш ажыўлены тым смелым і прадпрыемным духам, які не пакідае іх нават і ўва сне? Ноздры асунуцца, вусны раскрыюцца, вочы нальюцца крывёю і спыняцца… І тады кожны подлы жыхар гэтага праклятага замка будзе таптаць нагамі гэтага гордага чалавека, а ён не варухнецца і не адаб’е наступаючую на яго пяту… А бацька мой? О, мой бацька! Дрэнная-ж дачка ў цябе, калі забылася аб тваёй сівізне, заглядзеўшыся на залацістыя кудры юнасці!.. Але не, гэту слабасць я вырву з свайго сэрца, хоць-бы яно парвалася на часткі і сцякло крывёю ад такога гвалту!

Яна шчыльней ухуталася ў пакрывала і, адвярнуўшыся ад ложка параненага рыцара, села да яго спіною, умацоўваючы (ці, прынамсі, стараючыся ўмацаваць) свой дух не толькі супроць знадворнага ліха, але і супроць тых здрадніцкіх пачуццяў, якія закрадваліся ў глыбіню яе сэрца.


РАЗДЗЕЛ ХХX

У ЧАС зацішша, пасля першага поспеху абложнікаў, покуль яны рыхтаваліся прадаўжаць пачатую справу, а абложаныя прымалі захады да яшчэ больш дзейснай абароны, храмоўнік і Морыс дэ-Брасі сышліся ў вялікай зале замка.

— Дзе Фрон дэ-Бёф? — запытаў дэ-Брасі, які кіраваў абаронай замка з супроцьлеглага боку. — Ці праўду гавораць, быццам ён забіты?