Старонка:Айвенго (1934).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

перапраўляцца праз іх было досыць небяспечна. Незнаёмы, здавалася, напамяць ведаў гэту мясцовасць і беспамылкова выбіраў самыя цвёрдыя месцы грунта і найбольш бяспечныя пункты пераправы. Уважліва і асцярожна вядучы іх уперад, ён вывеў атрад на шырокую прасеку, у канцы якой віднеўся вялікі, нізкі і няправільны будынак. Паказаўшы на яго рукою, праваднік сказаў абату:

— Вось Ротэрвуд, жыллё Седрыка-Саксонца.

Прыёр Эймер быў ні жывы, ні мёртвы ўвесь час праезду па багністых нізінах і быў ад страху ў такім прыдушаным стане, што не пацікавіўся нічога запытаць у незнаёмага. Затое цяпер, адчуваючы што небяспека мінула і недалёка ад прытулка, ён мігам падбадзёрыўся. Цікавасць яго той-жа час абудзілася і ён пачаў дапытваць правадніка, хто ён і адкуль.

— Я пілігрым, толькі што вяртаюся з Святой зямлі, — адказаў той.

— Лепш-бы там і засталіся ваяваць за авалоданне святой дамавінай, — сказаў рыцар храма.

— Вы праўду кажаце, яснавяльможны пане рыцар, — адказаў пілігрым, якому аблічча храмоўніка было, як відаць, добра знаёма, — але калі тыя, хто кляўся, што вызваліць святы горад, могуць апынуцца так далёка ад месца сваёй абавязковай дзейнасці, няма нічога дзіўнага, што просты селянін, як я, не выконвае той справы, ад якой ухіляюцца яны.

Яны пад’ехалі да жылля Седрыка. Гэта быў прыземісты будынак у некалькі двароў з агарожамі і займаў вельмі значны ўчастак зямлі. Вакол усёй сядзібы быў выкапаны глыбокі роў, напоўнены вадою з суседняй рэчкі. Падвойны частакол з завостраных бярвенняў абараняў і ўнутраны, знадворны вал траншэі. З заходняга боку сядзібы знаходзілася ў знадворнай агарожы брама, якая злучалася з пад’ёмным мастом з такой-жа брамай унутранага частакола. Па баках абодвух брам сцены з перасцярогі былі зроблены выступамі, так што ў выпадку патрэбы ў кутках іх можна было паставіць стралкоў або прашчнікаў.

Спыніўшыся перад варотамі, рыцар храма голасна затрубіў у рог. Дождж, які даўно збіраўся, лінуў, як з вядра.